Час “пераабуць” аўто

|

Андрэй, 34 гады, уладальнік Рэно Меган:

 

Вядома, буду змяняць летнюю гуму на зімовую. Але я такі чалавек, што цягну да апошняга. Пакуль не выпадзе снег, не буду мяняць, у тым ліку з-за таго, што зімовая гума павялічвае расход паліва.

Яшчэ не ведаю, наколькі падаражэла гума ў параўнанні з мінулым годам. Напэўна, як і ўсё ў нашай краіне [смяецца] удвая, а можа і ўтрая… Сябра казаў, што пераабуць аўто зараз каштуе тысяч пад 100.

Калі казаць пра адміністрацыйны прымус змены летніх шын на зімовыя, як гэта ёсць у некаторых еўрапейскіх краінах, то дурняў хапае – для іх і патрэбны гэтыя законы. Я не самагубца, каб ездзіць зімой на летняй гуме і мяне не трэба прымушаць.

 

Вольга, 22 гады, уладальніца Дэў Маціз:

 

Пытаннем змены шын займаюся не я, а мой тата. Напэўна, хутка будзем мяняць, бо ўжо праз тыдзень-другі выпадзе першы снег. У колькі гэта абыйдзецца не ведаю, можа пад тысяч 200.

Думаю, што трэба прымушаць змяняць гуму, бо я адчуваю небяспеку на дарозе з боку тых, хто ездзіць узімку на летніх шынах.

 

Віталь, 48 гадоў, таксіст, уладальнік Сітраена:

 

Не (смяецца), мяняць не буду, я лепш сэканомлю (смяецца далей). На самой справе, канечне памяняю, як толькі сапсуецца надвор’е. “Зіма” у мяне на іншых дысках, перакінуць сам за гадзіну змагу. На шынамантажы за кола возьмуць тысяч 40-50, напэўна.

Прымушаць змяняць гуму, думаю, трэба. Хаця б для таго, каб знізіць колькасць аварый па гэтай прычыне.

 

Алег, 25 гадоў, уладальнік Пежо 307:

 

Я змяніў гуму ў пачатку тыдня. Яна зусім новая, 440 тысяч за кола, самае таннае, што было. Падтрымліваю айчыннага вытворцу. У суме за колы, балансіроўку і г.д. каля 140 тысяч за працу.

Па шчырасці, мне без розніцы хто на якой гуме ездзіць, галоўнае, што сам памяняў.

 

Алег Дук, старшы інспектар ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама:

 

Ці ўводзіць адміністрацыйную адказнасць за тое, што аўтааматары не змяняюць летнюю гуму на зімовую. І так, і не. Растлумачу. На гэта пытанне існуе некалькі пунктаў гледжання. Так, пры выкарыстанні зімовай гумы павялічваецца манеўранасць, змяншаецца даўжыня тармазнога шляху і г д., але ёсць і іншы пункт гледжання – практычны. Пытанне ў тым, ці змогуць айчынныя вытворцы вырабіць у неабходнай колькасці гуму розных памераў, каб задаволіць патрэбы нашых кіроўцаў. Зараз, напэўна, не.

Калі наступае зімовы перыяд, пры накладанні адміністрацыйнай адказнасці (гэта можа быць пазбаўленне права кіравання ці проста штраф) на віноўніка ДТЗ, улічваецца, якая гума была на яго машыне і ад гэтага залежыць велічыня штрафу ці тэрмін пазбаўлення права кіравання транспартным сродкам.

 

Здымак: stidge.com