Гістарычныя знаходкі ў цэнтры Гродна
Дом на скрыжаванні вуліц Леніна і Ажэшкі нядаўна быў адрэстаўраваны. У аднай са сценаў пад тынкоўкай будаўнікі знайшлі металічную таблічку з пачатку мінулага стагоддзя.
Надпіс на шыльдзе: “Прысяжны павераны Казімір Карлавіч Мількоўскі з 25 траўня 1902 года пераехаў у дом Зідранскага на вуліцы Палацкай, вугал Іванаўскай”. Цяпер на месцы, куды пераехаў Мількоўскі – мадэрновы будынак на рэстаўрацыі, раней у ім знаходзілася Упраўленне унутраных спраў Ленінскага раёна. Саму шыльду перадалі ў музейны пакой Элізы Ажэшкі, паколькі існуе падазрэнне, што ўзгаданы на ёй чалавек быў знаёмы з пісьменніцай.
У той самы час, пры будове новага гандлёвага цэнтру на вуліцы Ціміразева, будаўнікі выявілі падлогу з кафлі, зробленай у Харкаве у ХІХ стагоддзі. Захаваная частка кафлі будзе ўмантаваная ў інтэр’ер цэнтра, як гістарычны след колішняга будынку.
Паводле Гродзенскай Праўды