Як гараджане зрабіліся фермерамі

|

Родам сямейная пара з гэтых месцаў, але 18 гадоў шлюбнага жыцця пражылі ў Гродне з двума дачкамі ва ўласнай кватэры. І жылі б яшчэ, калі б не прапанова паспрабаваць сябе ў якасці фермераў.

 

– Так з чаго ж усё пачалося? – пытаюся Іосіфа Генрыхавіча, наведаўшы яго ў фермерскай сядзібе – двухпавярховым катэджы (на здымку) з сілікатнай цэглы, дзе ён жыве з жонкай, двумя дачкамі з зяцьмі і чатырмя ўнукамі.

 

– З зяця пачалося. Ён працаваў у суседняй вёсцы ў аднаго фермера механізатарам і прапанаваў заняцца фермерствам мне і жонцы – распавядае сп. Завадзкі.


Узважыўшы ўсе “за” і “супраць” ужо не маладыя людзі вырашылі рызыкнуць.

 

За грошы, якія зяцю з дачкой падарылі на вяселлі, зяць купіў трактар – успамінае Іосіф Генрыхавіч і узгадвае, з якімі цяжкасцямі атрымаў ад былога старшыні СВК “Гродзенскі” Мечыслава Санько першы зямельны надзел.

 

– Ох і валакіты было!  Тры гады доўжыліся перамовы. Нам далі ўчастак, які раней выкарыстоўваўся пад пашу. Пяць 5 гектараў – успамінае гаспадар. На выдзеленым участку расло ўсё, што заўгодна – асака, дзядоўнік, святаяннік, бадзяк і г.д. Здавалася, што ўсё пустазеле сабралася на гэтым полі – кажа мой суразмоўца і ўзгадвае, што калі ён высадзіў тут прыкладна 200 кустоў суніцы садовай, то праз тыдзень жучкі як быццам “скасілі” іх.

 

Потым мы высадзілі часнык, але ён засох, затое мы знішчылі лічынкі хрушча – дадае Іосіф Завадзкі.

 

Калі мы абыходзім двор сядзібы, бачу на ім шмат рознай сельгастэхнікі і пытаюся, дзе і як фермер яе набыў.

 

– Частку ў калгасах, частку ў фірмах – глядзелі, дзе танней. На сённяшні дзень мы маем 4 трактары, 2 камбайны, 2 апырсквальнікі, 2 культыватары, 1 акучнік, 4 бочкі для паліву, помпы, пад’ёмнікі і іншыя прылады – пералічвае гаспадар.

 

– На вырошчванні якой прадукцыі спецыялізуецеся?

 

У асноўным – гародніна: бульба, цыбуля, бурак, морква, капуста, агуркі, тамат і інш. Вырошчваем таксама зеляніну цыбулю на пяро, кроп, пятрушку і інш., але таксама свініну. На дадзены момант маем каля 100 галоў.


– А якая агульная плошча гаспадаркі?

 

– Каля 50 га.


– Ці даводзіцца наймаць людзей на працу?

 

– На сезонныя працы наймаем каля 10 чалавек. Як правіла, гэта ўжо сталыя людзі.


– Дзяржава дапамагае? Калі так, то якім чынам?

 

Штогод дзяржава дае бясплатна частку мінеральных угнаенняў, дапамагла набыць трактар у лізінг на выгодных умовах. Не скардзімся.

 

– Усё большую папулярнасць набірае вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі. Як Вы ставіцеся да гэтага?

 

– На жаль, пры вырошчванні прадукцыі ў прамысловых маштабах, без сродкаў абароны раслін проста не абыйсціся. Не падвяргаюцца апрацоўцы пестыцыдамі толькі расліны з кароткім перыядам вегетацыі. У нашым выпадку гэта зеляніна і суніца садовая. Маем таксама паўгектара яблыневага саду. Ён таксама не апрацоўваецца. Толькі малая частка яблыкаў з яго ідзе на продаж. Астатняе спажываем самі з дзецьмі.

 

– Дзе Вы рэалізуеце сваю прадукцыю?


– Раней гандлявалі на мінірынку на Фолюшы. Пасля рэканструкцыі рынку плошча гандлёвых месцаў значна паменшала і нам прапанавалі месца на мінірынку каля крамы “Брэст”. Месца нам спадабалася. Маем там пастаянных кліентаў. Што тычыцца свініны рэалізуем яе на Скідзельскім рынку. Падпісалі дагавор на пастаўку ранняй прадукцыі ў тры вайсковыя часткі Гродна. Хутка збіраемся падпісваць дамову на пастаўку ім позняй прадукцыі.

 

– Зараз няпросты час у эканоміцы, вельмі «падскочыў» даляр. Ці адбілася гэта на вашым бізнесе і ў які бок?

 

– Крызіс закрануў нас канкрэтна. У вырошчванне прадукцыі мы ўклалі шмат працы і матэрыяльных сродкаў, а рэалізуем яе за «капейкі». У гэтым годзе маем небывалы ўраджай капусты (1000-1200 цэнтнераў з гектару), але рэалізуем яе оптам па цане 500 руб. за кілаграм. Можна сказаць аддаём дарам. Толькі дзякуючы таму, што бульбу пасадзілі ў вялікай колькасці, маем з гародніны прыбытак. Ураджайнасць бульбы ў гэтым годзе добрая 350 ц/га. Ратуе нас і тое, што павысіліся цэны на мяса, таму свініна дае нядрэнны прыбытак.

 

– Цяжка канкураваць на рынку?

 

– Ведаеце, канкурэнцыі асабліва і няма.

 

– Памянялі б зараз цяжкае жыццё ў вёсцы на спакойнае ў горадзе?

 

– Не. Калі бачыш багаты ўраджай, забываеш, колькі ўкладзена сіл і грошай. Затое перапаўняюць эмоцыі радасць, гонар, задавальненне. Хоць бы дзеля гэтага і варта жыць у вёсцы.

>

 

– І на прыканцы, прызнайцеся: ці ёсць нейкі сакрэт вашага поспеху?

 

Няма ніякіх сакрэтаў. Проста мы дружна займаемся любімай справай і ад гэтага атрымліваем задавальненне, а як дадатак – яшчэ і прыбытак маем.

 

Фота аўтара