Карэспандэнтку “Твайго стылю” не пусцілі на прэзентацыю транспамежнага праекта
У ім удзельнічалі прадстаўнікі Беларусі і Літвы. Сустрэча была прафінансаваная са сродкаў Еўрасаюзу.
Семінар праходзіў у межах праекта “Сетка інавацыйнага супрацоўніцтва для эканамічнага развіцця” (LT.INNOCONNECT.BY), які рэалізуецца праграмай транспамежнага супрацоўніцтва “Латвія-Літва-Беларусь” і Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства 2007-2013.
У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі дзелавых колаў Вільнюса, Каўнаса, Паневежыса і Гродна, Літоўскага інавацыйнага цэнтра, органаў муніцыпальнай улады Літвы і Беларусі, Рэспубліканскага цэнтра трансферу тэхналогій, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, інавацыйнага цэнтра Каўнаскага тэхналагічнага ўніверсітэта, Цэнтра дзелавога супрацоўніцтва Паўднёвай Літвы, Паневежскага навукова-тэхналагічнага парку, навукоўцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Мэтай разлічанага на перыяд да красавіка 2013 года праекта з’яўляецца развіццё эканамічных дачыненняў у памежных рэгіёнах Літвы і Беларусі.
За гэты час плануецца правесці некалькі семінараў па абмену вопытам інавацыйнага і дзелавога супрацоўніцтва, канферэнцыю па пытаннях развіцця інавацый дзейнасці, стварыць сеткавую платформу для ўзаемадзеяння ў межах транснацыянальнай сеткі інавацыйнага супрацоўніцтва Lt.InnoConnect.BY.
90% бюджэта, агульная сума якога складае 235.935 еўра, фінансуецца Еўрапейскім саюзам.
На цырымонію ўрачыстага адкрыцця праекта, якая адбылася сёння ў галоўным корпусе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, карэспандэнтку “ТС” не пусцілі, спаслаўшыся на неабходнасць акрэдытацыі.
– “Трэба ведаць правілы гульні,” – адказала карэспандэнтцы адна з арганізатарак, хаця інфармацыі пра неабходнасць акрэдытацыі на сайце ўніверсітэта не было.
Ад рэдакцыі:
Мы якраз добра ведаем “правілы гульні”. Усе еўрапейскія праекты павінны рэалізоўвацца ў атмасферы максімальнай адкрытасці. Спробы адміністрацыі гарадзенскага ўніверсітэту альбо асобных яго прадстаўнікоў “закрыць” такога кшталту мерапрыемства для прадстаўнікоў непажаданай для іх прэсы выглядаюць па меншай меры дзіўнымі і не адпавядаючымі не толькі еўрапейскім стандартам, але і духу ўніверсітэту, як прасторы, адкрытай для прэзентацыі і абмеркавання рознага кшталту інавацыйных ідэяў.