Гарадзенская габрэйская супольнасць рыхтуецца да дзён памяці ахвяр Халакоста
Як паведаміла старшыня гарадзенскай габрэйскай суполкі Алена Куцэвіч, падрыхтоўка да тыдню памяці ўжо пачалася.
– Гета, якія былі ў гады Другой сусветнай вайны ў Гродне, былі знішчаны вясной, таму памяць загінулых вязняў ушаноўваюць у красавіку.
А Тыдзень памяці традыцыйна праводзіцца восенню, калі было расстраляна шмат вязняў гета ў іншых гарадах Беларусі.
9 лістапада, калі па ўсім свеце адзначаюць Дзень барацьбы супраць расізму, фашызму і антысемітызму, мы ладзілі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы сустрэчу з аўтарам “Нататніка з гродзенскага гетта” а. Юзафам Макарчыкам – распавядае А. Куцэвіч. – На сустрэчы прысутнічаў адзін з былых вязняў гарадзенскага гета Георгій Хасід (на здымку злева).
>
У межах Тыдня памяці ў гродзенскіх школах адбудуцца адкрытыя урокі па Халакосце, сустрэчы з вязнямі гета.
Завяршальным мерапрыемствам Тыдня стане сустрэча з рэжысёрам фільмаў “Гарады-героі”.
Габрэйская супольнасць Гродна разлічвае, што студэнты і выкладчыкі стануць актыўнымі ўдзельнікамі гэтых мерапрыемстваў.
У Гродне да вайны пражывала больш за 30 тысяч габрэяў, якіх пасля прыходу немцаў перасялілі ў два гета.
У выніку планамернага знішчэння габрэйскага насельніцтва ў жывых з іх засталося не больш за 200 чалавек.
Аб існаванні шматлікай габрэйскай абшчыны гродзенцам зараз нагадваюць толькі дзве памятныя дошкі.
Магчыма, хутка адновяць гродзенскую сінагогу і створаць музей , прысвечаны габрэйскай гісторыі і культуры ў Гродне.
Рэстаўрацыя сінагогі ўжо пачалася.
Яе ініцыятарамі сталі гарадзенскія прадпрымальнікі.
Фотаздымкі Андрэя Мялешкі і з сайту http://evrofilm.com