Гродзенскія будаўнікі едуць працаваць у Расію
Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у сферы будаўніцтва цяпер складае крыху больш за два мільёны рублёў.
Спецыялісты называюць гэта асноўнай прычынай таго, што з Гарадзеншчыны з’язджаць будаўнікі. Да прыкладу, дзяржаўнае прадпрыемства “Гроднажылбуд” працуе цяпер няпоўны працоўны дзень. С
Старшыня прафкаму Галіна Трафімовіч тлумачыць гэта аб’ектыўнымі абставінамі:
– На сённяшні дзень у нас такая сітуацыя, што мы працуем скарочаны працоўны дзень, каб захаваць працоўныя месцы.
Натуральна, што адток людзей ёсць, але не настолькі, каб пра гэта гаварыць.
Што ёсць, тое і ёсць, пакуль катастрофы не бачна. Сёння мы ня можам дазволіць сабе павялічыць заработную плату — гэта таксама відавочна.
Будаўнік з 20-гадовым стажам спадар Аляксандар распавядае, як некалькі тыдняў таму з Гродна арганізавана з’ехалі некалькі брыгад.
Спадар:
– 60 чалавек адначасова падняліся, напісалі заявы і з’ехалі, нават не забіралі працоўныя кніжкі.
А яны ж спецыялісты, будуюць маналітныя дамы.
Селі раніцай у маскоўскі цягнік і з’ехалі.
І паколькі не вярнуліся, відавочна, праца ў іх там ёсць.
Гэта людзі з “Гроднааблбуду” так зрабілі.
Уладальнік прыватнай будаўнічай фірмы спадар Валянцін, разважаючы пра стан будаўнічай галіны, заўважае, што перспектывы наагул не відаць.
Спадар:
– Ведаеце, у мяне была фірма з 100 чалавек, цяпер толькі 12, і я ледзь-ледзь трымаюся.
Прычым, я людзей не скарачаў, не было працы і заробку, таму і сыходзілі самі.
Цяпер для гэтых 12 чалавек да Новага году праца ёсць, а далей — ніякай перспектывы”.
Гарадзенец Віталь звольніўся з “Гроднажылбуду” і паехаў працаваць у Мінск у пошуках большага заробку, але там яго не знайшоў: атрымліваў 2 мільёны ў месяц.
Зараз яго разам з калегамі запрасілі працаваць у Расію, у панядзелак хлопцы ад’язджаюць.
Вось што кажа на гэты конт Віталь:
– Меней як 1200—1300 даляраў там не будзе.
Да ўсяго, даюць жыллё, ды яшчэ кормяць.
Ну, а што тут: мільён дзевяцьсот, два мільёны — то што гэта? Ці можна тут сям’і за гэтыя грошы пражыць…