У Еўропу на Новы год: колькі мільёнаў за паездку?
Найбольш папулярныя гэтак званыя еўрапейскія выходныя ці тыдні – паездка па шэрагу заходнееўрапейскіх гарадоў. Напрыклад, з цікавостак можна адзначыць тур па Аўстрыі турфірмы “БММТ Спутнік”: Грац – замак Хохостэрвіц – Клагенфурт – Зальцбург – Зальцкамергут – Вена – палац Шонбрунн – Венскі лес. Паездка на 7 дзён са сняданкамі ў гатэлі абыдзецца ў 335 еўра, трэба дадаць кошт візы ў 60 еўра, 3 еўра на медычную страхоўку, а таксама квіткі на экскурсіі тура, якія ў пуцёўку не ўваходзяць. Агулам паездка пацягне мінімум 470 еўра, або больш за 5 з паловай мільёнаў “зайцоў”.
Тая ж турфірма прапануе паездку па Нямеччыне: Нюрнберг – Мюнхен – замкі Нойшванштайн і Ліндерхоф – Обераммергаў – Прага – Дрэздэн са знаёмствам з Баварыяй, нацыянальнай кухняй і нямецкім півам. Тур каштуе 315 еўра, таксама дадаткова кошт візы, страхоўкі і ўваходныя квіткі ва ўсе замкі і музеі.
Цікавейшы і даражэйшы варыянт – зімовыя канікулы ў Скандынавіі. Прапанова ад “АМТ-Тур” уключае паездку па 5 краінах – Эстоніі, Фінляндыі, Швецыі, Латвіі і Літве. Дзесьці ў адной з іх можна сустрэць і Новы год. Асаблівасцю вандроўкі з’яўляецца тое, што яна ладзіцца на паромах з перасадкамі ў Таліне, Фінляндыі і ў Швецыі. Працяг тура – 5 дзён, кошт 330 еўра + 120 000 беларускіх рублёў і шэнген-віза – 60 еўра, уваходныя квіткі. Яшчэ трэба дадаць вячэру ў стылізаваным пад старажытнасць рэстаране “Olde hansa”, святочную вячэру на пароме са шведскім сталом – прыкладна 70 еўра плюс медычная страхоўка – 4 даляры. У выніку скандынаўскія канікулы з Новым годам абыдуцца як мінімум у 500 еўра.
З прасцейшых варыянтаў карыстаюцца папулярнасцю паездкі ў суседні Друскенінкай, дзе знаходзіцца адзін з лепшых у Еўропе аквапаркаў. Кошты ў 85 еўра на дзве асобы ў будні дзень і 107 на выходныя ўключаюць 1 начлег, сняданак і вячэру – шведскі стол, неабмежаваны час баўлення ў Друскінінкайскім аквапарку. Дадаткова трэба ўлічваць: турыстычная паслуга – 120 000 беларускіх рублёў, консульскі збор – 60 еўра, медыцынская страхоўка – 3 еўра.
Без візы, але за мяжой можна сустрэць Новы год у Кіеве. Паездка ўключае наведванне Уладзімірскага сабора, агляд Залатых варот, Сафійскага сабора, наведванне замка Рычарда Ільвінае сэрца з музеем Булгакава і шмат чаго яшчэ. Каштуе гэтая вандроўка 145 даляраў (плюс навагодні банкет – 85 даляраў) + 55 000 беларускіх рублёў. Таксама трэба ўлічваць: Кіева-Пячорская лаўра – 3 даляры, Сафійскі сабор – 5 даляраў, музей мініяцюр – 3 даляры, музей каштоўнасцяў – 3 даляры, аквапарк (3 гадзіны) – 10 даляраў, медстрахоўка.
Зімовыя канікулы ў польскіх гарах зараз гродзенскія турфірмы амаль не прапануюць – практычна ніхто не бярэцца адкрываць польскую візу з-за шалёных чэргаў. У адной турфірме параілі адкрываць у Гродне польскую візу і ехаць за пуцёўкай непасрэдна ў Польшчу да мясцовых тураператараў – абыдзецца значна танней.
Таксама практычна ўсе замежныя туры прадугледжваюць выезд з Мінска – зноў жа з-за вялікіх чэргаў на Гродзенскай мытні. Якія ёсць прапановы сустрэць Новы год у Беларусі – у наступным матэрыяле на “Тваім Стылі”.