Навучанне пасля 50-ці: каму гэта трэба?

|

Універсітэт залатога веку (УЗВ) – гэта праект для сталых людзей, арганізаваны грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар”. Праект дзейнічае з красавіка 2010 года і дае магчымасць людзям ў пенсійным ці перадпенсійным узросце атрымліваць новыя веды і ўменні. У асноўным навучэнцы даведваюцца аб праекце ад сваіх знаёмых, якія раюць ім тыя мерапрыемствы, якія наведвалі ці наведваюць самі.

 

Сёлета ў сталых людзей ёсць магчымасць вывучаць польскую і англійскую мовы, наведваць камп’ютэрныя курсы, знаёміцца з беларускімі звычаямі на “Беларускіх вячорках”, падарожнічаць па горадзе разам з экскурсіямі, наведваць заняткі па ёзе і інш. Заняткі арыентаваны на наведвальнікаў: напрыклад, у залежнасці ад уласнага ўзроўню валодання ведамі можна выбраць адну з дзвюх прапанаваных груп.

 

Што прымушае ўжо немаладых людзей вучыцца? Праект дапамагае атрымліваць новыя веды, развівацца духоўна, знаёміцца з новымі людзьмі, пераадольваць адзіноту, якая застаецца пасля смерці блізкіх людзей, адчуваць сябе патрэбнімі.

 

Ларыса: – УЗВ дае магчымась пазнаць невядомае. Веданне англійскай мовы мне неабходна для працы з камп’ютэрам. Хацелася б прынамсі ўмець прачытаць тую інфармацыю, якая вельмі часта з’яўляецца на маніторы менавіта на англійскай мове. Таксама вельмі карысна ведаць мову ў аэрапорце, напрыклад, каб запытаць неабходную інфармацыю. Да і сама падрыхтоўка да заняткаў дапамагае мабілізаваць чалавека, прымушае варушыцца.

 

Ніна: –Па-першае, УЗВ – гэта зносіны з іншымі людзьмі. Падчас навучэння мы так ці інакш размаўляем паміж сабою, чымсьці дзелімся, нават абменьваемся рэцэптамі, рэкамендуем адзін аднаму кнігі, якія варта прачытаць. Дзякуй арганізатарам, бо гэта вялікая справа для пенсіянераў. УЗВ павышае нашу актыўнасць, мы адчуваем, што можам быць карыснымі.

 

Галіна: – На сустрэчах Універсітэта залатога веку не толькі атрымліваю веды, але і знаёмлюся з іншымі навучэнцамі. Я наведваю курсы польскай мовы, хачу ўзнавіць яе, бо, пражыўшы ў Польшчы два гады, ведаю толькі на бытавым ўзроўні. Мне падабаюцца палякі, яны мяккія і добрыя. Таксама наведваю экскурсіі, імкнуся даведацца больш пра Беларусь і беларускі край. Мару стаць экскурсаводам. У мяне ўсё наперадзе!

 

Рыма: – Камп’ютэрныя курсы я наведваю ўжо другі год, перайшла на так званы “прасунуты” ўзровень. Зарэгістравалася ў сацыяльных сетках. Гэта дапамагло знайсці знаёмых з тэхнікума, зараз падтрымліваю з імі сувязь. У тым годзе наведвала ёгу. Пасля смерці мужа і сына засталася адна, таму сустрэчы Універсітэта – адзіны прасвет у маім жыцці. Разам з іншымі навучэнцамі мы сустракаемся нават у вольны час. Мне вельмі падабаецца тут!

 

Ніна: – Прыемна, што ёсць тыя, хто пра нас клапоціцца!

 

alt=”Image 17592″ sub=”Камп’ютарныя курсы” >

 

Фота аўтара