Першыя ахвяры восеньскай дарогі

|

Адной з асноўных прычын гэтых аварый супрацоўнікі ДАІ лічаць псіхалагічную і фізічную непадрыхтаванасць кіроўцаў да новых дарожных умоваў.

 

Першая з іх здарылася ў Зэльвенскім раёне.

Раніцай 12 лістапада каля вёскі Чырвонае Сяло кіроўца “Жыгулёў”  на пуцеправодзе  ва ўмовах галалёду не ўлічыў стан дарожнага пакрыцця.

Няправільна абраўшы хуткасць, ён апынуўся на паласе сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтацягніком “ДАФ”.

Кіроўца “Жыгулёў” да апошняга стараўся выправіць траекторыю руху машыны, але не здолеў. І ён, і жонка, якая ехала ў якасці пасажыркі, загінулі на месцы.

Высветлілася, што машына была “абутая” ў летнія шыны, прычым  на шынах задніх колаў практычна адсутнічалі пратэктары.

 

У гэты ж дзень у Мастоўскім раёне ў вёсцы Лунна не справіўся з кіраваннем на мокрай дарозе кіроўца “Рано”.

На колах у гэтым выпадку былі ўніверсальныя шыны, але таксама з нездавальняючымі пратэктарамі.

Гэты кіроўца таксама загінуў у выніку сутыкнення машыны з “ДАФам”.

 

У Гродзенскай ДАІ “Твайму стылю” паведамілі, што гэта першыя ДТЗ з смяротным зыходам у вобласці, якія здарыліся з-за непадрыхтаванасці кіроўцаў да ўмоваў восеньска-зімовай дарогі.

Зa мінулы тыдзень на слізкай дарозе здарылася некалькі аварый, але дагэтуль людзі не гінулі.

 

Заклікі да аўтааматараў змяніць летнія шыны на зімовыя з’яўляюцца на сайце Дзяржаўтаінспекцыі Гродзенскай вобласці з кастрычніка, аднак паслухаліся не ўсе.

 

Паводле http://gaigrodno.by