І ПАД’ЕЗД МОЖА БЫЦЬ ПРЫГОЖЫМ

| Без катэгорыі

Пра балконы зараз гаварыць не зручна – яны пустыя, без кветак, аднолькавыя. А вось з пад’ездамі – інакш. Менавіта ў халодную пару яны саграюць людзей і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.

Трэцяе месца заняў пад’езд № 2 дому № 51 па вул. Ліможа. Вось што сказала нам Людміла Анатольеўна Шрэйтэр – жыхарка пад’езду і ініцыятар пераменаў у ім:

– Пачалі мы ўпрыгожваць пад’езд, як толькі пасяліліся ў верасні 2006 г. Спачатку ўпарадкавалі лесвічную клетку, а потым «перакінуліся» і на пад’езд. Удзел у конкурсе прымаем першы раз, але думаю, што – не апошні. Хацелася б, каб суседзі больш удзельнічалі і актыўнічалі. Людзі добра адносяцца да ўпрыгожаванняў. Але не ўсе яны спяшаюцца дапамагаць.

Другое месца заняў пад’езд № 2 дому № 15/194 на Фолюшы. Ізноў удзельнікі конкурсу – навічкі ў гэтай справе. Ініцыятар удзелу Тамара Вітальеўна Краснавід расказала нам, што:

– Мы першы раз удзельнічаем і радыя таму, што занялі адразу другое месца. Некалькі гадоў таму мы пачалі рабіць рамонт у кватэры. Тады і вырашылі, што трэба ўпрыгожыць і пад’езд. Чаго не хапае, каб заняць першае месца? Я мяркую, не хапае свядомасці жыхароў.

Вося як! Жыхары аднаго з трох лепшых пад’ездаў ва ўсім горадзе не ведаюць пра сваё шчасце? Мы не паверылі і пайшлі апытваць жыхароў. Сапраўды, некаторыя толькі зараз і ад нас даведаліся пра гэта.

А першае месца заняў пад’езд № 2 дому № 44 па вул. В. Соламавай. Анатолій Мікалаевіч Груздеў – мясцовы актывіст – так пракаментаваў сваю (і, дадамо, – суседскую) перамогу: –

Думка аб упрыгожванні пад’езду мяне наведала яшчэ ў 1984 годзе. І тады ж пачаў патроху ўвасабляць яе ў жыццё. Але толькі праз 30 гадоў упершыню удзельнічаем у такіх «спаборніцтвах». Ці збіраюся зноў удзельнічаць у конкурсе? Не ведаю. Мне 70 гадоў, і я хачу, каб самі жыхары пад’езда пачалі яго ўпрыгожваць і берагчы.

Святаслав ЛЯЎЧУК

Фота аўтара