З пачатку года на дарогах Гродзенскай вобласці загінулі 111 чалавек

|

18 лістапада супрацоўнікі ДАІ Гродна і вобласці сумесна з праваслаўнымі і каталіцкімі святарамі наведаюць месцы, дзе ў ДТЗ найчасцей гінуць людзі.

Найбольш праблемнай у гэтым сэнсе лічыцца траса Мінск-Гродна.

Святары асвяцяць месцы трагічных здарэнняў, у знак памяці запаляць лампадкі.

 

Ахвяр ДТЗ у Гродзенскай вобласці будуць узгадваць напрацягу ўсяго тыдня.

ДАІ заклікае  гродзенскіх кіроўцаў на ўспамін пра загінулых у гэтыя дні рухацца з запаленым бліжнім святлом.

 

Як паведаміў “Твайму стылю”  начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама  Яўген Дудко, найбольш смяротных выпадкаў на дарогах вобласці ў восеньска-зімовы перыяд  здараецца ў выніку наездаў на пешаходаў, якія непазначаныя флікерамі (найчасцей нецвярозых), лабавых сутыкненняў, выездаў у кювет.

 

Летам  удзельнікі дарожнага руху найчасцей гінуць з-за парушэнняў рэжыму хуткасці, няправільных абгонаў. Больш трагічных выпадкаў з удзелам матацыклістаў і веласіпедыстаў.

 

Сёлета на дарогах вобласці загінулі 111 чалавек, параненыя 554.

У мінулым годзе сітуацыя выглядала горш: 135 загінулых, 699 параненых.