Віктар Саяпін: планую не менш за 10 кніг па гісторыі Гродна

|

Гэта другая кніга з серыі “HronoГродно” прыватнага выдавецтва “ЮрСаПрынт”,  якое вядомае тым, што выдае кнігі, прысвечаныя гісторыі і культуры Гродна.

 

Новая кніга Віктара Саяпіна знаёміць чытача з гісторыяй чатырох плошчаў: Савецкай, Тызенгаўза, Прывакзальнай і плошчай Савецкіх памежнікаў (Калгаснай).

 

Асноўную ўвагу аўтар надае не столькі гістарычным апісанням кожнай плошчы, колькі падзеям, якія непазнавальна змянялі іх абліччы.

 

Віктар Саяпін:

–         Тэм у мяне вельмі шмат.

У новай серыі “HronoГродно” толькі маіх кніг, у якіх будзе апісана гісторыя паваеннага Гродна, плануецца не менш за 10.

У суботу ў галерэі “У Майстра” будзе прэзентацыя кнігі, прысвечанай гісторыі гродзенскіх плошчаў, перад гэтым выйшла кніга пра тэатр, кіно і цырк у Гродне, наступнай будзе кніга пра вуліцы нашага горада (віртуальная вандроўка ад прывакзальнай плошчы па вуліцах Савецкай і Ажэшка ў 50-60-ыя гады).

Апошняй у гэтым годзе выйдзе кніга пра пасляваенны парк Элізы Ажэшка і заапарк.

 

На наступны год Віктар Саяпін мае ў планах напісаць пра культуру, музыку і спорт у жыцці гродзенцаў, асобна – пра паўсядзённае жыццё гараджан пасля вайны: кошты, крамы, вольны час, рэстараны і піўныя.

 

Яшчэ адно выданне будзе прысвечана праектам рэканструкцыі Гродна, якія, на шчасце, не былі ўвасобленыя ў жыццё.

 

Віктар Саяпін:

Калі б гэтыя планы здзейсніліся, мы  б горад не пазналі.

Вуліцы былі б шырокія, большасць помнікаў, якімі мы зараз ганарымся – знесеныя.

 

Выдавецтва “ЮрСаПрынт” запрасіла да ўдзелу ў серыі “HronoГродно” і іншых вядомых гродзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў.

Сярод іх – Алесь Госцеў, Андрэй Чарнякевіч, Ігар Трусаў.

 

 

Прэзентацыя новай кнігі Віктара Саяпіна пачнецца ў 12 гадзін у галерэі “У Майстра”.

Тут жа можна будзе набыць кнігу (кошт – 25000 рублёў +нацэнка галерэі).

 

Набыць выданне можна і ў выдавецтве.

Тэлефоны для даведак : 152 484231, (29) 587 84 11.

 

Фота з сайта http://znyata.com