Тытунёвая фабрыка “Нёман” выпускаць супрацьпажарныя цыгарэты пакуль не плануе
Такім чынам Еўракамісія спадзяецца зменшыць колькасць пажараў з-за непатушаных цыгарэт: цыгарэта са спецыяльнай паперы павінна сама згаснуць праз хвіліну пасля апошняй зацяжкі.
Ці паўплывае еўрапейскае новаўвядзенне на асартымент прадукцыі Гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”, карэспандэнт “Твайго стылю” даведаўся ў намесніка генеральнага дырэктара фабрыкі Дзмітрыя Анатольевіча Чугая.
Дзмітрый Чугай:
– Пакуль мы замовілі ў вытворцаў узоры паперы з нізкай схільнасцю да гарэння.
Калі дашлюць – будзем даследваць.
Мы яшчэ не ведаем яе хімічнага складу, і якія шкодныя рэчывы яна выдзяляе падчас гарэння, а ў нас яны рэгламентуюцца.
Патрэбныя даследванні, каб ведаць, як гэта адаб’ецца на здароўі.
Гэтая папера ў 10-11 разоў даражэйшая за тую, якую мы выкарыстоўваем зараз, і набываць яе давядзецца за валюту.
А значыць і кошт прадукцыі павялічыцца адпаведна.
Ды і вытворцы паперы новага тыпу, іх здаецца толькі два ў Еўропе, наўрад ці будуць здольныя задаволіць усе патрэбы.
Вытворчасць паперы для вырабу нават звыклых цыгарэт справа няпростая і вельмі энергаёмістая.
Гродзенская тытунёвая фабрыка “Нёман” набывае цыгарэтную паперу за валюту ў Аўстрыі, Францыі, Чэхіі.
Заяўка накіроўваецца як мінімум за 2 месяцы, атрымаць паперу хутка – нерэальна, таму фабрыка вымушаная заўсёды на ўсялякі выпадак трымаць на складзе запас.
Калі ўлічыць, што заходні кірунак у “Нёмана” не асноўны, фабрыка мае час пралічыць мэтазгоднасць выпуску прадукцыі з супрацьпажарнай паперы.
Цяжкаўзгаральная папяросная папера не павінна ўплываць ні на смак, ні на якасць цыгарэт, аднак медыкі непакояцца, што зацягвацца пры паленні цяпер давядзецца часцей, а гэта прывядзе да павелічэння спажывання тытуню.
Паводле звестак за 2003-2008 гады, паленне з’яўляецца прычынай каля 30 тысяч пажараў у Еўропе штогод.
Ад іх штогод гінуць ад 500 да 1000 чалавек і больш за 4 тысячы атрымліваюць траўмы.
Натхняльным для ЕС стаў вопыт Фінляндыі, дзе, пасля пераходу на цыгарэты з нізкай схільнасцю да гарэння, удалося на 43% знізіць колькасць смяротных выпадкаў у выніку пажараў з-за незатушанай цыгарэты.
Цыгарэты, зробленыя з выкарыстаннем звычайнай цыгарэтнай паперы, застануцца ў еўрапейскім продажы да сканчэння запасаў на складах.