«Autorsong» у Гродне: паэзія, музыка і выяўленчае мастацтва

«Autorsong» –  творчы праект, які  з’ядноўвае розныя віды мастацтва: паэзію, музыку, выяўленчае мастацтва, і розных творцаў: беларускага графіка Валянціну Шобу і польскага паэта і музыканта Марэка Галонзку.

Гэты праект увасабляе імкненне культуры да мастацкага сінтэзу – стварэння сістэмы вобразаў, злучаных агульнай ідэяй, зместам, стылем, але створаных па законах розных відаў мастацтва.

Супрацоўніцтва паміж мастакамі пачалося ў 2009 годзе, калі Валянціна Шоба пазнаёмілася з Марэкам Галонзкам і гэта знаёмства аказала на творцаў моцнае ўздзеянне – перш за ўсё сугуччам жыццёвых поглядаў і творчых прынцыпаў.

З таго моманту пачалася сумесная творчасць: пад уплывам песняў Галонзкі Шоба стварала карціны, дзе ў графіцы ўвасабляла сваё бачанне гэтых твораў, і разам з тым, выказвала асабістае светаадчуванне.

 

Вынікам у 2010 годзе стала выстаўка Валянціны Шобы ў Гродзенскім каралеўскім палацы пад назвай «Лісты аб каханні і смерці», на адкрыцці якой адбыўся канцэрт Марэка Галонзкі.

 

align=”left” alt=”Image 17674″ >Гэта падзея атрымала прызнанне ў беларускім і польскім творчым асяроддзі, прадэманстраваўшы натхняючую перспектыўнасць міждысцыплінарных міжнародных праектаў.

Таму чаканым аказаўся новы сумесны праект «Autorsong», які рэалізоўваўся на працягу 2010-2011 гадоў.

Яго галоўнай выніковай мэтай з’яўляецца стварэнне ўнікальнага паэтычна-музычна-выяўленчага альбома з аўтарскімі песнямі Марэка Галонзкі і графічнымі кампазіцыямі Валянціны Шобы.

 

Альбом унікальны і па змесце – аўтарскія паэзія, музыка, графіка, – і па форме – эксклюзіўнае мастацкае выданне з дыскам, і па гісторыі стварэння – песні і графічныя творы ствараліся адначасова.

Назва «Autorsong» выказвае не толькі яго змест, а саму сутнасць: гэта не толькі аўтарскае выкананне твораў мастацтва, гэта мастацкае ўвасабленне аўтарам уласнага жыцця, споведзь творцы перад самім сабой і пропаведзь перад людзьмі.

 

Рэалізацыя праекта «Autorsong» ахоплівае некалькі этапаў.

Перш за ўсё, гэта стварэнне, выданне і прэзентацыя альбома «Autorsong», на якім Марэк Галонзка выконвае 12 сваіх прэм’ерных твораў. Разам з ім песні апрацоўвае і выконвае гурт музыкантаў пад кіраўніцтвам выдатнай асобы польскай рокава-джазавай сцэны Тымона Тыманьскага, у якім вядучую ролю адыгрываюць двое сыноў Галонзкі Марцін і Філіп.

Графічная частка альбома, створаная Валянцінай Шобай, уяўляе сабой 12 кампазіцый, якія суправаджаюцца тэкстамі песень.

Праект уключае таксама арганізацыю мастацкіх выстаў графікі «Autorsong» і правядзенне аднайменных канцэртаў у беларускім Гродне, польскіх Сувалках і Алецку.

 

«Autorsong» увасабляе галоўную ідэю мастацкага сінтэзу, якая заключаецца ў тым, што аб’яднанне паэзіі, музыкі і выяўленчага мастацтва стварае значна большы эфект уздзеяння твора, чым асобныя віды мастацтва.

У творчасці Марэка Галонзкі гэта ідэя праяўляецца праз злучэнне паэзіі, музыкі і сцэнічнага мастацтва.

У творах Валянціны Шобы песні ўвасабляюцца мовай выяўленчага мастацтва, якое ў сваю чаргу аб’ядноўвае графіку і жывапіс.

Агульны сінтэз дае незвычайны вынік: падкрэсліваючы сутнасць кожнага мастака і якасці кожнага мастацтва, ён пераўзыходзіць іх і стварае моцнае цэласнае ўражанне.

 

Акрамя таго, праект мае агульную філасофскую аснову, якую можна акрэсліць тэрмінам «экзістэнцыялізм».

Экзістэнцыялізм канцэнтруе ўвагу на існаванні – экзістэнцыі – чалавечай асобы, якое звычайна не ўсведамляецца, а адкрываецца ў памежных сітуацыях: на мяжы святла і цемры, дня і ночы, жыцця і смерці.

І Марэк Галонзка, і Валянціна Шоба імкнуцца ўвасобіць у сваёй творчасці асноўны прынцып экзістэнцыялізму: асоба кожнага чалавека з’яўляецца яго ўласным стварэннем і павінна сама надаваць сэнс свайму існаванню.

Таму асноўнымі сімваламі твораў «Autorsong» становяцца вобразы мяжы – існавання паміж святлом і цемрай, адкрытага акна – звароту ў іншы свет, вандроўніка – складанага лёсу чалавека ў пошуках сябе і свайго месца ў жыцці.

Мастакі ствараюць уласны супярэчлівы свет, дзе спрачаюцца і пагаджаюцца маленькая зямля і вялікае неба, шчырае сяброўства і шчымлівая адзінота, чалавечае каханне і боская любоў.

 

Мастацкая творчасць тут збліжаецца з філасофіяй, паколькі быццё чалавека, яго экзістэнцыя, недаступна рацыянальнаму пазнанню, але адкрыта мастацкаму перажыванню.

Сапраўдны творца заўсёды знаходзіцца ў памежнай сітуацыі, перад «апошнімі пытаннямі», адказы на якіх шукае з дапамогай прарыву да іншай рэальнасці.

Мы маем магчымасць праз песні Марэка Галонзкі, праз карціны Валянціны Шобы далучыцца да гэтага свету, дзе мастакі нанова адкрываюць вялікую ісціну, што ў жыцці няма нічога больш важнага, чым Каханне – ва ўсіх сэнсах: Каханне да чавека, да сябе, да сваёй зямлі, да Бога і да самога жыцця.

 

Адкрыццё выставы графікі Валянціны Шоба і Збігнева Цяпэпкі ў Гродзенскай выставачнай зале адбудзецца 22 лістапада ў 17 гадзін.

Канцэрт Марэка Галонзка з ансамблем у  Абласным тэатры лялек – 23 лістапада ў 19.00.

Кошт білетаў – 15 000 рублёў.