Табачная фабрыка “Нёман” выпускаць супрацьпажарныя цыгарэты пакуль не плануе

|

Такім чынам Еўракамісія спадзяецца зменшыць колькасць пажараў з-за непатушаных цыгарэт: цыгарэта са спецыяльнай паперы павінна сама згаснуць праз хвіліну пасля апошняй зацяжкі.

Ці паўплывае еўрапейскае новаўвядзенне на асартымент прадукцыі Гродзенскай табачнай фабрыкі “Нёман”, карэспандэнт “Твайго стылю” даведаўся ў намесніка генеральнага дырэктара фабрыкі Дзмітрыя Анатольевіча Чугая.

 

Дзмітрый Чугай:

–          Пакуль мы замовілі ў вытворцаў узоры паперы з нізкай схільнасцю да гарэння.

Калі дашлюць – будзем даследваць.

Мы яшчэ не ведаем яе хімічнага складу, і якія шкодныя рэчывы яна выдзяляе падчас гарэння, а ў нас яны рэгламентуюцца.

Патрэбныя даследванні, каб ведаць, як гэта адаб’ецца на здароўі.

Гэтая папера ў 10-11 разоў даражэйшая за тую, якую мы выкарыстоўваем зараз, і набываць яе давядзецца за валюту.

А значыць і кошт прадукцыі павялічыцца адпаведна.

Ды і вытворцы паперы новага тыпу, іх здаецца толькі два ў Еўропе, наўрад ці будуць здольныя задаволіць усе патрэбы.

 

Вытворчасць паперы для вырабу нават звыклых цыгарэт справа няпростая і вельмі энергаёмістая.

Гродзенская табачная фабрыка “Нёман” набывае цыгарэтную паперу за валюту ў Аўстрыі, Францыі, Чэхіі.

Заяўка накіроўваецца як мінімум за 2 месяцы, атрымаць паперу хутка – нерэальна, таму фабрыка вымушаная заўсёды на ўсялякі выпадак трымаць на складзе запас.

 

Калі ўлічыць, што заходні кірунак у “Нёмана” не асноўны, фабрыка мае час пралічыць мэтазгоднасць выпуску прадукцыі з супрацьпажарнай паперы.

 

Цяжкаўзгаральная папяросная папера не павінна ўплываць ні на смак, ні на якасць цыгарэт, аднак медыкі непакояцца, што зацягвацца пры паленні цяпер давядзецца часцей, а гэта прывядзе да павелічэння спажывання тытуню.

Паводле звестак за 2003-2008 гады, паленне з’яўляецца прычынай каля 30 тысяч пажараў у Еўропе штогод.

Ад іх штогод гінуць ад 500 да 1000 чалавек і больш за 4 тысячы атрымліваюць траўмы.

 

Натхняльным  для ЕС стаў вопыт Фінляндыі, дзе, пасля пераходу на цыгарэты з нізкай схільнасцю да гарэння, удалося на 43% знізіць колькасць смяротных выпадкаў у выніку пажараў з-за незатушанай цыгарэты.

 

Цыгарэты, зробленыя з выкарыстаннем звычайнай цыгарэтнай паперы, застануцца ў еўрапейскім продажы да сканчэння запасаў на складах.