Андрэй Пачобут атрымаў прэстыжную журналісцкую прэмію
Пачобут адзначаны прэміяй за артыкулы аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.
Тэмы артыкулаў тычыліся рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі пасля выбараў, фальсіфікацыі выбараў, асобы А.Лукашэнкі.
Адзін з гэтых артыкулаў фігураваў у крымінальнай справе журналіста, але пасля быў выключаны з абвінавачвання.
Прэмію ў памеры 50 тысяч злотых на ўрачыстай цырымоніі ўручылі жонцы Андрэя Пачобута: асуджанаму па артыкуле «паклёп на прэзідэнта» журналісту забаронены выезд за мяжу.
Падзякаваць за ўзнагароду Пачобут здолеў сказаць праз прамое ўключэнне.
Андрэй Пачобут:
– Для людзей у зале гэта было неспадзянкай.
Мне загадзя патэлефанавалі, і, пасля таго, як абвясцілі вынікі, я меў магчымасць падзякаваць, што ацанілі маю працу такім чынам.
Лічу, што прысуджэнне прэміі было знакам салідарнасці з беларускімі журналістамі, якія выконваюць свой доўг ва ўмовах дыктатуры.
Прэмія імя Анджэя Вайцяхоўскага прызначаецца за найлепшы журналісцкі матэрыял, які паўплываў на жыццё палякаў.
Заснаваная ў 2005 годзе, у 10-ую гадавіны смерці А.Вайцяхоўскага – стваральніка “Радыё Z”.
У радзе ўзнагароды – кіраўнікі і прадстаўнікі найважнейшых польскіх СМІ і адзін з родных Анджэя Вайцяхоўскага.
Крымінальная справа у дачыненні Андрэя Пачобута была распачатая з-за ягоных артыкулаў, змешчаных у “Газеце Выборчай”, пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
5 ліпеня 2011 года журналіст прызнаны вінаватым па частцы 1 артыкула 367 (паклёп на прэзідэнта) КК РБ і пакараны трыма гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.