Артэрыя жыцця ці дарога смерці?

| Без катэгорыі

З самага ранку выязджаем з горада. Святар Валерый перахрысціў машыну, у руках малітоўнік – моліцца. Супрацоўнікі ДАІ слухаюць паведамленні дыспетчара. Кожны дзень аварыйныя здарэнні. Толькі ўчора дзве аварыі са смяротным зыходам. А за год – 114 абарваных жыццяў.

 

 

Дарогу распачынае бігборд – “В Гродно лихачей лишают прав”. Машыны імчаць патокам. Траса Гродна-Мінск – галоўная дарожная “артэрыя” рэспублікі, кіроўцы ж часам называюць яе “дарогай смерцю”.

 

У кожнага месца свая гісторыя. Вось вёска Пяшчанка. Там, дзе сёння пралягае шаша, раней былі могілкі – “проклятае месца”. Звычайны краявід, па адным баку дарогі – вяковыя хаты, па другім – поле і лес удалечыні. Тут высокая канцэнтрацыя здарэнняў, але найчасцей гінуць пешаходы. Куды спяшаліся гэтыя людзі?..

 

 

Едзем далей. На адным з прыпынкаў надпіс – “Захоўвай хуткасны рэжым”. Зноў крыж ля дарогі. Тут загінуў супрацоўнік ДПС. Кіроўцу заставаўся месяц да пенсіі, дома чакала сям’я. Але пасля здарэння пражыў ён толькі тры дні.

 

Начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко распавядае:

 

У кожнага сезона свая небяспека. Летам – хуткасць, манёўры. Больш трагічных выпадкаў з удзелам матацыклістаў і раварыстаў. Зімой – хуткасць не грае ролі, але справіцца з кіраваннем цяжэй. Найбольш смяротных выпадкаў здараецца на дарогах вобласці ў восеньска-зімовы перыяд – наезды на пешаходаў, якія непазначаны флікерамі (найчасцей у нецвярозым стане), лабавыя сутыкненні, выезды ў кювет.

 

 

На чарговым скрыжаванні бігборд “Не перасякай лінію жыцця”. Крыху праехаўшы, спыняемся. Крыж, кветкі, лампадкі, дэталі былых аўто… Кіроўца загінуў на месцы, яго малую дачку забрала машына хуткай дапамогі, але машына паспела ад’ехаць каля 300 метраў – дзяўчынка сканала. Усяго праз некалькі метраў зноў кветкі – гэта віноўнік трагедыі (кіраваў у не цвярозым стане), кіроўца лімузіна святкаваў вяселле.

 

alt=”Image 17688″ >

 

Што можа быць прычынай такой колькасці здарэнняў? Недарэчная памылка, выпадак, чалавечы фактар? Кожны павінен задумацца – як кіроўца, так і пешаход.

 

 

Ахвяр ДТЗ у Гродзенскай вобласці будуць згадваць цягам усяго тыдня. ДАІ заклікае гродзенскіх кіроўцаў на ўспамін пра загінулых у гэтыя дні рухацца з запаленым бліжнім святлом.

 

У Сусветны дзень памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў, які адзначаецца 20 лістапада, у гродзенскіх храмах пройдуць малебны па загінулых на дарогах.

 

 

Здымкі аўтара