Сумны канец “Кошкінага дому” на гродзенскім рынку

|

Каты да нас прыблудзіліся гады тры таму, – распавядаюць прадпрымальнікі. – Самая першая – Лёля, потым падраслі яе кацяняты: чорны і шэры.

 

Усіх пасялілі ў скрыні побач з гандлёвымі шэрагамі, пазней змайстравалі цэлую сядзібу, якая стала мясцовай знакамітасцю:

 

Агароджы плялі – спецыяльна на Нёман ездзілі за лазой.

Вакол хаткі траву пасеялі, кветкі пасадзілі, выклалі дарожкі.

Спецыяльна абвясцілі суботнік – усе прадпрымальнікі пасля працы заставаліся, разам капалі, усё рабілі.

 

Побач  з “кошкіным домам” з’явілася скарбонка, ахвяраванні з якой ішлі на харчаванне Лёлі і яе сямейства.

Гэтых сродкаў катам хапала на бязбеднае жыццё.

 

alt=”Image 17699″ >

 

Ганляры ўзгадваюць, як у лепшыя часы кармілі катоў тушонкай, “Віскасам”, найлепшымі сухімі кармамі, але потым пачаліся праблемы.

 

Аляксей:

Пачалі падкідваць кацянят і шчанюкоў.

Прыходзіш на працу – побач з “кошкіным домам” – пакет з кацянятамі.

Часта і ў нашай прысутнасці, сярод дня, прыносілі і пакідалі – у асноўным пенсіянеры.

Мы тады спрабавалі гэтых малых неяк уладкаваць, людзям прапаноўвалі, раздавалі.

Скарбонку давялося прыбраць: грошы з яе пачалі красці, то алкаголікі, то дзеці выцягвалі.

Ганяліся мы неяк за імі…

 

Увечары, калі гандляры пакідалі свае працоўныя месцы, на акуратнай пляцоўцы каля “кошкінага дому” сталі збірацца выпівохі, розныя кампаніі.

 

Спачатку толькі смецце і бутэлькі пасля сябе пакідалі, потым некалькі разоў ламалі хатку.

У рэшце рэшт разламалі дашчэнту (хтосці расплюшчыў яе, стаўшы зверху).

Зламаўся і пляцень, а па дарожцы праехаўся фургон…

 

 

Сталі знікаць каты.

 

Першым, з год таму, знік Вугалёк, потым Лёля, потым дамоў не вярнуўся Таўстапуз.

 

 

Куды яны падзеліся, ніхто не ведае.

 

Хутчэй за ўсё адстрэлілі, а можа пад машыну трапілі, – выказваюць здагадкі прадпрымальнікі.

 

 

Застаўся толькі Жорык.

 

 

Каб не ўводзіць злых людзей у спакусу, для яго паставілі звычайную скрыню.

 

Ежу для ката прадпрымальнікі прыносяць з дому, часам яму нешта перападае ад наведнікаў рынку.

 

Некаторых Жорык пазнае і выбягае насустрач.

 

У казкі пра  Кошкін дом на вуліцы Паліграфічнай у Гродне аказаўся сумны канец.