Сядзібу Бохвіцаў у Падароску хочуць прадаць за 10 тысяч долараў
Пабудаваная ў сярэдзіне XIX стагоддзя сядзіба Чачотаў (Бохвіцаў) знаходзіцца на трасе паміж Ваўкавыскім і Ружанамі.
На тэрыторыі сядзібы захаваўся жылы дом плошчай 120 кв. м., а таксама брама і аранжарэя.
У цяперашні час аддзел эканомікі Ваўкавыскага райвыканкама рыхтуе ўсе неабходныя дакументы для аўкцыёну, на якім мясцовыя ўлады спадзяюцца знайсці новага гаспадара гістарычнай нерухомасці.
Аўкцыён па продажы сядзібы прызначаны на 15 снежня і адбудзецца ў Гродне.
Стартавая цана — 86,5 мільёна рублёў.
Гэта не першая спроба Ваўкавыскіх уладаў прадаць сядзібу ў Падароску.
У сакавіку 2010 года яна ўжо выстаўлялася на аўкцыён.
Продаж старадаўніх сядзібаў — не рэдкасць для Гродзенскай вобласці.
Так у пачатку 2010 гады пайшоў з малатка палацава-паркавы комплекс у вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.
Комплекс стаў уласнасцю багатага расейскага бізнэсмэна, які выклаў за Краскі $100 тысяч.
У цяперашні час у сядзібе поўным ходам ідзе рэканструкцыя.
А вось сядзіба графа Умястоўскага ў вёсцы Жэмыслаў Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці была выкупленая за 9,5 млн. рублёў, але пасля ўмяшання Дзяржкантролю яе вярнулі ва ўласнасць мясцовага СВК.
Пасля пераацэнкі маёнтка за яго просяць больш за 1 млрд. рублёў.
У Беларусі зацверджаны план дзеянняў па перадачы невыкарыстоўваемых сядзібаў і гістарычных палацаў.
Уласнікі могуць выкарыстоўваць любыя формы перадачы: бязвыплатна, на правах арэнды, а таксама купіць іх.
Ад пакупніка патрабуецца захаваць аўтэнтычнасць такіх аб’ектаў, стварыць новыя працоўныя месцы, у будучыні аказваць турыстычныя паслугі.
Таксама ў бліжэйшы час на аўкцыён будзе выстаўлена сядзіба другой паловы XVIII-пачатку XX ст. у вёсцы Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.