Навучанне па-беларуску – плюсы і прывілеі. Нататкі з Смаргоні

Уся дакументацыя вядзецца таксама на беларускай мове.

 

Цяпер дзеці разам са сваёй настаўніцай Ірынай Шаніховіч рыхтуюць ранішнік.

Ён будзе прысвечаны восені і таму, што былыя дзетсадаўцы сталі першакласнікамі – дзеці атрымалі вершы, вучаць іх і рэпеціруюць свае выступленні.

 

Вымаўленне ў першакласнікаў нядрэннае, хоць большасць з іх закончылі сады з рускай мовай.

Так што самая вялікая праблема, – малы запас беларускіх слоў.

Яго зусім няма. Мы цяпер не толькі засвойваем праграму першага класа, але і папаўняем слоўнікавы запас, развіваем маўленне”, – расказала Ірына Шаніховіч.

 

У Максіма Свірыдэнкі – большы запас беларускіх слоў.

Хлопчык закончыў вішнеўскі дзіцячы сад, дзе выхаванне і навучанне ішлі на беларускай мове.

Яго мама Валянціна шукала менавіта беларускамоўны клас.

 

Я сама ў школе мову не вывучала: наша сям’я пераехала ў Вішнева з Расіі, калі я хадзіла ў восьмы клас. І экзамен па ёй не здавала.

Але тэставанне, напрыклад, здавала менавіта па беларускай мове – так было лягчэй.

І сыну, бачу, лёгка даецца: ён усё разумее і ловіць на ляту.

У размовах са мной усё часцей чую беларускія словы: дзякуй, калі ласка, надвор’е, сшытак”, – расказала яна карэспандэнту “РГ”.

 

Паводле яе слоў, Максіму падабаецца ў школе, асабліва настаўніца Ірына Міхайлаўна. І маму ўсё задавальняе: школа, клас, педагог і мова навучання.

Яна думае, што і ў сярэдняй школе Максім будзе вучыцца па-беларуску.

 

Аляксей Дзевяцень закончыў гарадскі сад.

І яго маму Святлану спачатку крыху страшыла перспектыва навучання на беларускай мове, але цяпер яна задаволеная, бачыць у гэтым некалькі плюсаў:

Дзяцей у класе мала – гэта добра, бо кожнаму патрэбная ўвага. Сына падбадзёрваю, што будзе ведаць шмат моў: беларускую, рускую, пазней яшчэ і замежную. Ён, праўда, і не скардзіцца: сын у мяне негаваркі”, – сказала яна.

 

Старэйшая дачка Святланы Дзевяцень у пачатковых класах таксама вучылася па-беларуску. Цяпер яна – у 9-м класе.

Калі дачка пачынала вучыцца, таксама было страшнавата, але мы купілі слоўнічак, была неабходнасць – зазіралі ў яго. Калі пачалася матэматыка, звярталіся да майго бацькі: ён вучыўся ў беларускай школе, усё памятае і дапамагаў з перакладам тэрмінаў”, – расказала Святлана Дзевяцень.

 

У сярэдняй школе №1 – пяць класаў з беларускай мовай навучання. Акрамя 1 “В”, яшчэ 5 “Б”, 5 “Г”, 6 “Б” і 7 “Б” – усяго 80 чалавек.

 

Педагогі СШ №1 адзначаюць, што беларуская мова дзецям падабаецца, нават тым, якія рэдка яе чуюць.

Гарадскія дзеці на беларускай мове не гавораць зусім.

Чытанне па-беларуску патрабуе ад іх канцэнтрацыі ўвагі.

Калі я на першых уроках у пятым класе пачынаю гаварыць па-беларуску, у вучняў вочкі загараюцца.

“Хочаце ўмець так гаварыць?” – пытаюся ў іх. “Так”, – адказваюць усе”, – расказала настаўніца Марыя Грынчук.

 

Паводле яе слоў, дзеці, якія ў пачатковай школе вучыліся на беларускай мове, прыкметна адрозніваюцца ад астатніх: у іх большы лексічны запас, яны больш разумеюць на ўроках беларускай мовы, лепш размаўляюць.

Гарадскія дзеці на беларускай мове не гавораць зусім. Чытанне па-беларуску патрабуе ад іх канцэнтрацыі ўвагі”, – сказала Марыя Грынчук.

 

У СШ №1 вядзецца актыўная работа па папулярызацыі беларускай мовы. Першы тыдзень навучальнага года быў прысвечаны роднай мове і літаратуры – адпаведныя мерапрыемствы адбываліся штодня.

У перспектыве запланавана ладзіць у школе Дзень беларускай мовы, у які ўсе настаўнікі і вучні будуць размаўляць па-беларуску.