50 год таму зруйнавана Фара Вітаўта – найстарэйшы каталіцкі храм Гродна
Выбух Фары рыхтавалі ленінградскія піратэхнікі.
align=”left” alt=”Image 17905″ >Драўляны касцёл на галоўнай плошчы Гродна быў пабудаваны ў 1389 годзе па загадзе вялікага князя Літоўскага Вітаўта.
Кароль Стэфан Баторый, які зрабіў Гродна сваёй рэзідэнцыяй, называў гэты храм, асвячаны ў гонар Успення Маці Божай, найпрыгажэйшым на землях ВКЛ.
Па яго распараджэнні быў пабудаваны рэнесансны мураваны касцёл.
Будаўніцтва скончылася ў 1586 годзе.
Фара Вітаўта стала самым вялікім храмам на беларускіх землях, перажыла пажары, войны.
Пасля ўваходжання Гродна ў склад Расійскай імперыі, у 1804 годзе, была ператворана ў праваслаўны Сафійскі сабор.
У 1920-ыя гады храм вернуты Каталіцкай Царкве.
Пасля Другой Сусветнай вайны ў храме размяшчаліся склады, кінатэатр, дом фізкультуры.
Аднак вялізны будынак былога касцёла ніяк не ўпісваўся ў канцэпцыю савецкага Гродна.
8 сакавіка 1961 года Выканкам Гродзенскага гарсавета прызнаў мэтазгодным знесці “аварыйны будынак былога вайсковага касцёла на Савецкай плошчы”.
Да сумнай гадавіны знішчэння Фары Вітаўта ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) зладжана перасоўная выстава.
На дзесяці планшэтах прадстаўлена ўся гісторыя храма: ад першых вядомых гравюр да фотаздымкаў апошніх хвілін Фары Вітаўта і руін зруйнаванага касцёла.
Выстава падрыхтавана Кніжнай серыяй “Гарадзенская бібліятэка”.
Эдвард Дмухоўскі, актывіст Таварыства Беларускай Школы:
– Выставу мы падрыхтавалі, каб пазнаёміць грамадскасць з гэтай сумнай падзеяй, прыгадаць яшчэ раз, што ў нас у горадзе знаходзіўся такі прыгожы храм, чыя гісторыя была непарыўна звязана з лёсам горада і яго жыхароў.
Разам з імі Фара Вітаўта перажывала войны, пажары, і, як звычайныя людзі, трапіла ў жарны ваяўнічага атэізму.
Нажаль, храм вырашылі знесці, таму што не маглі змірыцца, з тым, што ў цэнтры горада дамінуе хрысціянская святыня.
На яго месцы зрабілі сквер, дзе людзі выгульвалі сабак, выпівалі, дзе па святах ставяць гарматы для фейерверкаў.
Выстава, прысвечаная велічнай і трагічнай гісторыі Фары Вітаўта, будзе экспанавацца ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля да святаў Божага Нараджэння.
Фота з сайта http://harodnia.com і аўтара