Хору беларускай духоўнай музыкі “Бацькаўшчына” 20 гадоў!

|

Вера Васільеўна:

–          Выступаць мы пачыналі  на вуліцы.

7 студзеня 1992 года, на праваслаўныя Каляды спявалі беларускія калядкі на Савецкай плошчы.

Нехта частаваў нас піражкамі, нехта глядзеў, як на дзівакоў…

 

Пасля праваслаўныя вернікі запрашалі нас на Каляды па хатах.

Мы былі першымі, хто адраджаў калядныя спевы ў Гродне.


Сярод  ініцыятараў стварэння і першых удзельнікаў “Бацькаўшчыны” –  Міхась Васільевіч Амялішка, Кастусь Жынь, Ігар Лапеха, Ніна Шаставіцкая, Юра Тарасевіч.

Хор яднае прафесійных музыкаў і аматараў, якія захапляюцца беларускай духоўнай музыкай.

 

Ігар Лапеха:

–          Мы хацелі адрадзіць беларускія калядкі.

Гэта і стала першым праектам “Бацькаўшчыны”.

Пасля спявалі падчас беларускай імшы ў Фарным касцёле.

Стварыўся калектыў, нам камфортна разам збірацца, вучыць беларускія духоўныя спевы, ладзіць канцэрты.


За 20 гадоў “Бацькаўшчына” падрыхтавала не адну канцэртную праграму, зладзіла дзесяткі канцэртаў у беларускіх праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах, дамах культуры, сацыяльных установах.

Хор выступаў у Даніі, Літве, Польшчы, Украіне, Францыі.

 

Найстарэйшы ўдзельнік хору Міхась Васільевіч Амялішка выпусціў кнігу ўспамінаў “Гучыць наш хор” – хроніку жыцця “Бацькаўшчыны”.

 

Да 20-ай гадавіны першага выступу хор беларускай духоўнай музыкі рыхтуе вялікую праграму.

Папярэдне святочны канцэрт у Гродне запланаваны на 14 студзеня 2012 года.

 

На здымку: хор “Бацькаўшчына” пасля Велікоднага выступу ў царкве Св.Лукі (Гродна).