Гарадзенская паэтка брала ўдзел у “Фактары смеху”
Вольга распавяла чытачам «Твайго стылю» пра сваё хобі, сваё стаўленне да гумару і пра тое, як яна апынулася на тэлевізійным шоў.
– Атрымалася даволі проста. Я ўбачыла тэлевізійны анонс аб тым, што будзе праводзіцца кастынг у праграму «Фактар смеху» і прыняла ўдзел у ім. Да свайго здзіўлення, мяне выбралі да ўдзелу ў праграме – пачынае свой расповед Вольга
– Ці гэта быў першы вопыт публічных выступленняў, удзелу ў тэлевізійных праграмах?
– Я некалькі разоў ужо выступала на гродзенскім тэлебачанні, штогод прымаю ўдзел у арганізацыі фестываля бардаўскай песні “Зялёны Гран-пры”, выступаю на іншых бардаўскіх фестывалях у тым ліку – замежных. Нядаўна мяне запрасілі да ўдзелу ў святочным юбілейным канцэрце Гумарыстычнага тэатра-студыі «Канкан».
– Як пачалася прыгода з гумарам і вершамі?
– Мала хто з нас не грашыў у школьныя гады, пішучы вершы. Вось і я таксама грашыла. Але аднакласнікі пасмейваліся над мной. Я саромелася, рвала вершы і выкідала іх. Паспрабавала пісаць у студэнцкія гады. Але – так па-сапраўднаму – выйшла на сцэну гадоў 10 таму.
Не хаваю, што мне хочацца агульнанароднага прызнання.
Не хаваю, што мне хочацца агульнанароднага прызнання.
Хочацца, каб людзям падабалася, што я раблю. Мне здаецца, што жаданне славы наогул ўласціва чалавеку. Успомніце, як мы рэагуем хоць бы на апладысменты ў наш гонар. Проста не многія могуць у гэтым прызнацца, а я ўжо магу.
Я скончыла фізіка-матэматычны факультэт у суровы савецкі час. Як і шмат хто з суайчыннікаў, жыла, мабыць, па наступнай формуле: «умела адно, рабіла другое, а хацела б рабіць зусім іншае».
>
– Ці я правільна разумею, што зараз Вы займаецеся любімай справай?
– Ну, лепш было б сказаць, што гумарыстычныя вершы – гэта хобі. Я наогул сур’ёзна стаўлюся да хобі, нават да такога, як пісанне гумарыстычных вершаў. Прывяду прыклад з жыцця маёй пляменніцы. Яна жыве ў ЗША і распавяла, што там пры запаўненні анкеты для ўладкавання на працу адзін з пунктаў гучыць «Хобі». У выпадку, калі ў чалавека яго няма, працадаўца хутчэй абярэ іншага кандыдата, у якога ёсць хобі. Бо захопленыя нечым людзі і ў працы з’яўляюцца больш творчымі. Таму я лічу абсалютна нармальным, калі чалавек у 55 гадоў пачынае вучыцца граць на флейце, а не сядзіць ля тэлевізара і вяжа шкарпэткі.
– Каго з удзельнікаў праграмы “Фактар смеху” хацелі б адзначыць?
– Вельмі цікавым падаўся мне ансамбль «Рытмы сэрца». Я з імі нават пасябравала падчас здымкаў праграмы. Вельмі сардэчная, таленавітая група.
– Ці заўсёды меркаванне журы супадала з Вашым меркаваннем ў плане ацэнкі выступаў ўдзельнікаў?
– Я, мабыць, пагаджуся, што нельга было не ацаніць брэсцкіх хлапчукоў – дуэт «Дзівакі». Ёсць у іх божая іскра. Хоць да канца не разумею правамоцнасць удзелу дзяцей у гумарыстычнай праграме для дарослых. Мабыць, я проста не ведаю, па якіх крытэрах вызначаўся лепшы ўдзельнік. Бо параўнаць трэба было выступ з фокусам, выступ эстраднага дуэта, апавядальніка анекдотаў з грузінскім каларытам і гэтак далей.
Членам журы прыходзілася нялёгка. Але ацэнкі імі некаторых удзельнікаў былі далёка не хвалебнымі. Як, напрыклад «Дуэту 2Д», якім было сказана нешта накшталт: «Хлопцы не імкнуцца ўдасканальваць тэхналогіі. Навошта ім 3D? Працуюць у 2D – плоска і зразумела».
– Як Вы ацэньваеце праграмы кшталту “Фактар смеху”?
– Гумарыстычныя праграмы павінны быць абавязкова, паколькі і з гумарам і з пачуццём гумару ў нашай краіне справы выглядаюць вельмі дрэнна.
На развітанне Вольга дадала, што акрамя гумарыстычных вершаў, яна піша таксама літаратурныя пародыі і робіць пародыі на вядомыя песні.
Не ўсе, запісаныя ёю для праграмы “Фактар смеху” вершы патрапілі ў тэлевізійны эфір. Гэта, як лічыць Вольга, мабыць з-за абмежаванасці ў часе. У тэлеверсіі не паказалі таксама выступленне кожнага з членаў журы, хаця пра кожнага ўдзельніка меркаванне выказвалі ўсе трое.
Вольгу цешаць, дарэчы, не толькі словы расейскай зоркі журы Міхаіла Марфіна, які вельмі высока ацаніў узровень яе паэзіі.
– Добра, што пакінулі рэпліку кіраўніка тэатра-студыі “Хрыстафор” Яўгена Крыжаноўскага, які сказаў: «Я б ажаніўся на Вользе і ў нас нарадзіліся б “Чудакі”, – узгадвае са смехам паэтка .
А яшчэ Вольга вельмі б хацела, каб гумар у нашай краіне не апускаўся ніжэй пояса.
– Гумар нясе вельмі сур’езную функцыю, з ім можна дагрукацца да глыбінных пачуццяў чалавека. Таму павінна быць менш плоскага гумару – падсумоўвае Вольга.