У Гродна адбыўся вечар памяці Сяргея Коніка

|

Сустрэчу ўспамінаў пра трагічна пайшоўшага з жыцця два гады таму сябра зладзілі 26 лістапада ў Ліцэі №1 Ілля Серада і Сяргей Фінскі.

 

У праграме мерапрыемства была выстава арыгамі (мастацкія вырабы з паперы), паказ фільма пра творчы шлях Сяргея, выступы гуртоў  “121 Дзень Садома” і “Чэвенгур” (на здымку ніжэй).

>

А скончыўся вечар маляўнічым фаершоў.

 

Сяргей Конік быў неардынарным чалавекам, меў шмат незвычайных інтарэсаў і прыцягваў да сябе людзей.

 

Выстава арыгамі на вечары яго памяці – не выпадковая, бо Сяргей рабіў у гэтай тэхніцы незвычайныя работы, якія любіў дарыць сваім сябрам. Менавіта з гэтых работ і складалася выстава.

 

Сяргей адным з першых у нашым горадзе пачаў займацца жангляваннем з агнём (фаершоў).

 

Вось што ўзгадаў на гэты конт Вова Одо, які доўгі час займаўся вогненымі відовішчамі з Сяргеем (на здымку):

 

– Сяргей два разы ездзіў ў Індыю.

 

Менавіта там і пачаў жангляваць агнём. Перасекліся з ім таму, што я таксама цікавіўся фаершоў і жангляваннем.

 

Сяргей выходзіў на вуліцы горада і трэніраваўся там.

 

Ён заўсёды шукаў нейкія новыя заняткі і ўсё, за што ён браўся, выходзіла цудоўна. Нават са звычайнай вяроўкі ён рабіў найпрыгажэйшыя узоры.


 

Сябры Сяргея узгадвалі таксама, што ён навучыўся ездзіць на аднаколавым ровары, граў на незвычайных музычных інструментах, такіх як варган і дзіджэрыду (духавы інструмент абарыгенаў Аўстраліі), займаўся пантамімай.

 

Сяргей быў вельмі актыўны і таварыскі, ён вучыўся на матэматыка, але быў адлічаны з універсітэту на пятым курсе.

 

– Ён хацеў праводзіць вулічныя прадстаўленні. Хацеў прадаваць свае работы, а заробленыя грошы аддаваць у дзіцячы дом – успамінае Вова Одо.

 

Фота аўтара