Гарадзенцы падпісваюцца за вызваленне Алеся Бяляцкага
Распавядае гарадзенскі праабаронца Уладзімір Хільмановіч:
–Збор подпісаў пачаўся па Гарадзеншчыне толькі ўчора.
Пакуль запрашаем людзей падпісацца праз рассылкі рознага кшталту, магчыма будуць і іншыя акцыі, але гэта крыху пазней.
Петыцыя за вызваленне Алеся Бяляцкага з’явілася ў Інтэрнэце.
Яе падпісанты патрабуюць неадкладна вызваліць асуджанага праваабаронцу.
У петыцыі гаворыцца:
Мы выказваем сваё рашучае абурэнне вынесеным Алесю Бяляцкаму прысудам і лічым, што крымінальная справа супраць яго не мае нічога агульнага з агучанымі ў судзе мэтамі, і была распачатая выключна як сродак ціску і рэпрэсій супраць праваабаронцы, яго калег з цэнтру “Вясна” і ўсяго праваабарончага руху краіны ў прыватнасці.
Мы перакананыя, што прысуд мае незаконны характар.
Мы патрабуем адмены незаконна вынесенага прысуду і неадкладнага вызвалення Бяляцкага.
Падпісваючы петыцыю, мы выказваем сваю шчырую падтрымку Алесю і спадзяемся на ягонае хутчэйшае апраўданне і вызваленне справядлівым судом.
Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі, прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці выступіць у падтрымку Алеся Бяляцкага і патрабаваць ягонага найхутчэйшага вызвалення.
Кожны можа далучыцца да патрабаваньня адмяніць незаконна вынесены прысуд, паставіўшы свой подпіс пад петыцыяй.
Кіраўнік незарэгістраванага ў Беларусі праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі асуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калініі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займацца грамадскай дзейнасцю.