З 3 снежня паліва падаражэла на 10%

Гэта адзінаццае падаражанне паліва з пачатку гэтага года.

 

Апошні раз цэны на паліва ў Беларусі павышаліся 10 лістапада.

Бензін падаражэў у сярэднім на 3,5%, дызельнае паліва — на 7%.

 

Раней чакалася, што чарговае павышэнне кошту паліва адбудзецца 1 снежня.

Аднак віцэ-прэм’ер Сяргей Румас 30 лістапада ў парламенце заявіў, што ў гэты дзень кошт паліва не павялічыцца, бо рашэнне па гэтым пытанні ўрадам яшчэ не прынята.

 

Румас нагадаў, што ўрад зрабіў больш жорсткімі абмежавальныя меры, накіраваныя на скарачэнне вывазу паліва за межы Мытнага саюза. 18 лістапада была прынята пастанова, згодна з якой грамадзяне могуць выязджаць за мяжу на сваім аўтамабілі не часцей за адзін раз у восем дзён, а не ў пяць, як раней.

 

«Але не скажу, каб гэта моцна змяніла сітуацыю», — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Па яго словах, штодня мытныя органы фіксуюць шматлікія чэргі на мяжы.

«Усё гэта адбываецца ў сувязі з захаваннем значнай розніцы ў кошце на паліва», — сказаў Румас.

У сітуацыі, якая склалася, падкрэсліў ён, ёсць толькі адзін рэцэпт —

«паступовае прывядзенне цэн да ўзроўню, які зробіць масавы вываз паліва эканамічна немэтазгодным».

 

Аляксандр Лукашэнка 15 лістапада заяўляў, што да снежня рост цэнаў будзе «пагашаны», бо «хопіць здзеквацца з народу».