«Катайце пальцы», спадарства!
Закон рэгламентуе, калі адбіткі пальцаў бяруцца абавязкова. Адзін з кіраўнікоў ЭКА Ленінскага раёна г. Гродна патлумачыў ТС некаторыя палажэнні закону. У прыватнасці, абавязкова «здаваць» адбіткі пальцаў павінны прызыўнікі (між іншым, зварот аднаго з іх у рэдакцыю і паслужыў падставай для візіту ў ЭКА). Усе ваеннаабавязаныя, незалежна ад таго, заклікаюцца яны ў войска ці не, павінны пакінуць у ваенкамаце «частку сваёй індывідуальнасці».
Абавязковую дактыласкапію павінны прайсці і… трупы. Дактыласкапіі падвяргаюцца супрацоўнікі органаў унутраных спраў і аварыйна-выратавальных арганізацый, інспекцый па ахове жывёлаў і раслін (выпадкова, знойдзецца браканьер, які можа забіць лесніка, адданага сваёй прафесіі). Абавязкова «адкатаць пальцы» павінны недзеяздольныя і хворыя грамадзяне (раптам чалавек забудзе дарогу дахаты, а па адбітках пальцаў яго дадзеныя будуць індэнтыфікаваныя, і чалавек патрапіць, куды збіраўся). І, вядома ж, гэтай забруджваючай пальцы працэдуры падлягаюць усе прыезджыя, бо бываюць выпадкі, калі людзей дэпартуюць на радзіму, а яны, карыстаючыся сваім падабенствам адзін да аднаго, мяняюцца пашпартамі і зноў прабіраюцца праз беларускую мяжу. Адбіткамі не памяняешся, таму такіх ашуканцаў хутка рассакрэчваюць.
Існуе магчымасць добраахвотнай дактыласкапіі: пішацца заява, і, калі чалавек пражывае ў г. Гродна, то прыйсці з гэтай заявай яму трэба па такіх адрасах: у Ленінскім раёне – вул. Курчатава, у Кастрычніцкім – вул.Гая, 4, у Гродзенскім раёне – Азёрская шаша, 26/а. На дактыламапе запішуць вашыя каардынаты, якія будуць утрымліваць вашу самую індывідуальную інфармацыю. У чорнай фарбе нічога небяспечнага няма: гэта звычайная друкарская фарба, якой друкуюць газеты.
Нічога, што б ўшчамляла правы грамадзян у працэдуры дактыласкапіі няма. На Захадзе гэта даўно распаўсюджаная з’ява, якая значна палягчае расследаванні і апазнанні. Я папрасіла нашага кансультанта праілюстраваць карыснасць дактыласкапіі прыкладам з жыцця і атрымала адказ: «Неўсталяваны мужчына ў 2006 годзе прабраўся ў пакой святара Бернардынскага касцёла па вул. Парыжскай камуны і выкраў рэчы на суму больш за 13 млн. бел. руб. У вельмі кароткі тэрмін па адбітках пальцаў на аконнай раме злачынца быў знойдзены і затрыманы падчас спробы выязду за мяжу».
А вось адмова грамадзян, згаданых у спісах аб абавязковай дактыласкапіі, нясе за сабою прававыя наступствы, прадугледжаныя заканадаўствам РБ. Толькі такога яшчэ не было, таму што ніхто не адмаўляўся: усё разумеюць, што новы час дыктуе новыя законы.
Ліза Гарохава
Фота аўтара