За мяжу будуць выпускаць толькі студэнтаў-выдатнікаў

 

 

 

 

Такая норма змешчана ў пастанове Савета Міністраў Беларусі № 1617 «Аб некаторых пытаннях навучання ў арганізацыях замежных дзяржаў» ад 30 лістапада 2011 года, паведамілі ў прэс-службе Саўміна.

Як адзначыў начальнік упраўлення замежных сувязей Мінадукацыі Уладзімір Шапуроў, каменціруючы гэты дакумент, у Беларусі ўпершыню распрацаваны і зацверджаны механізм накіравання навучэнцаў на стажыроўкі за мяжу.

Прыняцце пастановы Саўміна будзе садзейнічаць падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для краіны, якія адпавядаюць патрабаванням сучаснай сусветнай эканомікі.

Паколькі цяпер адукацыя з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

 

«Мы будзем накіроўваць на падрыхтоўку за мяжой самых перспектыўных студэнтаў, аспірантаў і г.д.

Аднак яны абавязкова павінны валодаць замежнай мовай на дастатковым узроўні для праходжання стажыроўкі і атрымліваць вышэйшую або паслявузаўскую адукацыю на дзённых аддзяленнях за кошт бюджэту», — сказаў Уладзімір Шапуроў.

Ён таксама адзначыў, што навучанне за мяжой для нашых грамадзян будзе аплачвацца за кошт бюджэту.

Стажыроўка будзе праходзіць у розныя тэрміны — ад некалькіх месяцаў да года, у залежнасці ад спецыяльнасці.

 

Адбор грамадзян плануецца праводзіць у два этапы:

1 этап — саветамі (вучонымі саветамі) устаноў вышэйшай адукацыі, устаноў адукацыі і арганізацый, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы паслявузаўскай адукацыі; 2 этап — Міжведамаснай камісіяй па накіраванню на навучанне ў арганізацыях замежных дзяржаў у рамках атрымання вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі.

 

Грамадзяне, якія прынялі рашэнне аб удзеле ў адборы на навучанне за мяжой, да 1 сакавіка павінны падаць заяву на рэктара з абгрунтаваннем неабходнасці навучання за мяжой.

З тымі, хто пройдзе адбор, будзе заключаны дагавор.

Тут будуць замацаваны такія ўмовы: тэрмін навучання, агульная сума расходаў, фінансуемых за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, звязаных з арганізацыяй навучання за мяжой, іншыя асаблівасці стажыроўкі.

Навучанне за мяжой будзе праводзіцца па дзённай форме.

Консульскі збор, навучанне, пражыванне, харчаванне, праезд ад месца пражывання да месца навучання, медыцынскае страхаванне будуць аплачвацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

 

Паводле слоў Уладзіміра Шапурова, пастановай таксама зацверджаны неабходныя для забеспячэння навучання за мяжой дакументы: «Палажэнне аб парадку накіравання на навучанне ў арганізацыях замежных дзяржаў у рамках атрымання вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» і «Палажэнне аб Камісіі па накіраванню на навучанне ў арганізацыях замежных дзяржаў у рамках атрымання вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь».

 

Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Фота з сайта http://www.tio.by