“Вій. Страшная помста” – містычная фантазія на сцэне Гродзенскага тэатра лялек

|

Дзверы ў глядацкую залу адчыняюцца ў 18.45.
Пакуль людзі з білетамі займаюць свае месцы, у вестыбюле чакаюць тыя, каму іх не хапіла.
Я сярод іх.

Супрацоўнікі тэатра абмяркоўваюць, куды садзіць людзей і ці варта прыносіць дадатковыя крэслы.
Трэці званок звініць толькі тады, калі рассадзілі ўсіх.

З-за занавеса выходзіць рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Алег Жугжда:

Нам 31 год, у нас сотая прэм’ера…

Апладысменты.

Гасне святло.
На сцэне – два слупы, імправізаваны дах, тын – вясковая вуліца…
Жанчына з немаўляткам на руках спявае дзіцяці пяшчотную ўкраінскую калыханку.
У лагодную мелодыю ўплятаюцца трывожныя гукі.  Грамчэй, грамчэй, грукат … і раптам усё абрываецца…

Так пачынаецца гісторыя бурсака, студэнта філасофіі з Кіева  Хамы Брута і панначкі-вядзьмаркі, выкладзеная Алегам Жугждам па матывах гогалеўскіх “Вія” і “Страшнай помсты”.

 

 

Гісторыю пачынаюць разыгрываць лялькі ў вярцепе, але хутка іх змяняюць людзі.

І вось ужо вясковая вуліца ператвараецца ў пастаялы двор, куды Хама разам з сябрамі просіцца на ноч, дзе яго пільнуе вядзьмарка.

У цемры свеціцца вялізная поўня.
То жоўтая, то чырвоная, яна вісіць амаль увесь спектакль: асноўная частка дзеяння разгортваецца ўначы.

На гледачоў робіць уражанне натуралістычная лялька вядзьмаркі.

Сцэна спакусы Хамы выклікае  ў зале смех.

У сцэнічную фантазію Алега Жугжды ўплятаюцца ўкраінскія спевы, прымаўкі, замовы -режысёр імкнецца захаваць украінскі каларыт першакрыніцы, хаця спектакль рускамоўны.
Знаёмае са школы “Чуден Днепр при тихой погоде…” режысёр уклаў у вусны русалкі.

Драматычная гульня актораў змяняецца дыялогамі лялек.

Галоўныя героі існуюць у лялечным і чалавечым, акторскім, увасабленні.

 

Усе, акрамя бурсака Хамы Брута.
Бурсак (актор Аляксандр Рацько) лялькі не мае.

Пазней Алег Жугжда тлумачыць:

–       Галоўны герой сам выступае як лялька, якая патрапіла ў вярцеп.

Ён як бы трапляе ў ім самім прыдуманы свет, дзе ўвасабляюцца ягоныя патаемныя думкі, усе ягоныя падсвядомыя, можа яшчэ дзіцячыя, жахі.

А свайму страху трэба глядзець проста ў твар.

Найбольш драматычныя моманты спектакля падаюцца гледачам найбольш смешнымі.

 

Публіка смяецца падчас сцэнкі, якая камічна апавядае пра тое, як вядзьмарка піла кроў у немаўляці, камічна ў сваім жаху выглядае Хама Брут, калі застаецца ў царкве сам насам з памерлай панначкай-вядзьмаркай.

 

alt=”Image 18125″ >

 

Затое фінал спектакля (“будзе не як у Гогаля,” – загадзя папярэдзіў режысёр) зусім нечаканы.
Да знясіленага змаганнем з нячыстай сілай Хамы Брута з’яўляецца з падзякай адмоленая ім памерлая панначка.
З’яўляецца ў вобразе ягонай маці, пад гукі калыханкі, і … суцішаны бурсак даверліва сыходзіць у іншы свет разам са сваёй спадарожніцай.

Чамусці такі фінал не падаецца трагічным.
Сябры Хамы Брута – Халява і Ціберый Гарабец – расповед пра адыход
бурсака перасыпаюць жартамі і показкамі.

-Дык якім Вы хацелі зрабіць спектакль, трагічным ці камічным? – пытаюся ў
Алега Жугжды.

-І трагічным, і камічным.

Усё як у жыцці, – стомлена паціскае плячыма режысёр.

Па сканчэнні спектакля гледачы доўга апладыруюць акторам і режысёру, а затым, перагаворваючыся, цягнуцца на выйсце:

Класныя спецэфекты!
-Дзецям таксама спадабалася б, асабліва лялька вядзьмаркі…
-У гардэроб цяпер колькі стаяць!
-Мы паспяваем яшчэ ў краму?

Усё як у жыцці.

Захацелася перачытаць “Вія” і “Страшную помсту” і яшчэ раз, асэнсавана, паглядзець сцэнічную фантазію Алега Жугжды.

Засталося ўражанне, што нешта галоўнае я не ўчапіла.