У Гародні зноў гралі джаз
Гэта ўжо другая вялікая джазавая імпрэза, якая адбылася ў гэтым годзе ў нашым горадзе. Аматары джазу добра памятаюць V Міжнародны Фестываль Джазу “GRODNO JAZZ 2011 open air”, які праходзіў у Новым Замку 24 і 25 чэрвеня.
Чаму цягам года ажно два фестывалі? Як патлумачыў адзін з іх арганізатараў Сяргей Фінскі “на “open air” нельга было запрасіць тыя калектывы, якія ў поўнай меры не могуць сябе раскрыць ва ўмовах адкрытай прасторы. Ім патрэбнае закрытае памяшканне. Таму ў гэтым годзе атрымалася два фестывалі”.
alt=”Image 18162″ >
Фестываль пачаўся з выступу гарадзенскага гурта STOP TIME. Музыкі парадавалі публіку своеасаблівай формай калектыўнага музіцыравання, аднак найбольш кранальным сталася з’яўленне ў выкананні кампазіцый джазавага вакалу. Існуе меркаванне, што ўдзельніца STOP TIME, вакалістка Алена Сілюк – адзін з самых моцных галасоў Беларусі.
У размове з “Тваім Стылем” кіраўнік STOP TIME Аляксандр Краўчук распавёў, што «гурт існуе з 2005 году і пачынаў працаваць у стылі фанк і джаз рок”.
– Зараз у наш рэпертуар ўваходзіць таксама эстрадная музыка, якую пішу я – распавядае кіраўнік гарадзенскага гурта.
Адзін з наведвальнікаў фестывалю Мікалай Хвашчынскі распавёў, што памятае, як STOP TIME (тады яшчэ гурт без назвы) толькі ствараўся.
– Я прыйшоў адмыслова, каб паглядзець, як STOP TIME вырас прафесійна. І атрымаў толькі пазітыўныя эмоцыі, – распавядае аматар джазу. Мікалай памятае самыя першыя выступы музыкаў у кавярні “Куфэрак”, што некалі працавала на вуліцы Віленскай. – Там яны гралі амаль кожны дзень. У кавярню ахвотна прыходзіла моладзь, гарадзенская інтэлігенцыя, – успамінае Мікалай і ўзгадвае, як аднойчы ў кавярню зайшла Каміля Грабка, якая працавала ў Польскай Мацежы Школьнай.
– Пачуўшы хлопцаў, яна запрасіла іх выступіць у польскім Вроцлаве. Я добра памятаю, як хлопцы хваляваліся, – узгадвае наш суразмоўца.
Зараз музыкі актыўна гастралююць і прымаюць удзел у міжнародных джазавых фестывалях.
Пасля гарадзенцаў сваю творчасць дэманстраваў польскі гурт “Grzegorz Karnas Trio”. У напалову імправізаваным выступе лідар трыа Гжэгаж спрабаваў перакладаць публіцы з польскай мовы на расейскую гісторыю гадзюкі, якую пакахала жанчына.
У размове з намі польскі джазмэн распавёў, што ён і яшчэ адзін музыка з трыа жывуць у горадзе Жоры, недалёка ад чэшскай мяжы, а ўдарнік даязджае на рэпетыцыі з Варшавы. У невялікім шахцёрскім мястэчку (70 тысяч жыхароў) трыа Гжэгажа не мае магчымасці граць у якім-небудзь джаз-клубе, таму яны больш выступаюць за мяжой.
Выданне “London Jazz Festival” акрэсліла музыку, якую яны граюць, як “музычна-эклектычны экстрым”. “Гэта той выпадак, калі мастацтва імітуе жыццё” – напісала лонданскае джазавае выданне.
– Мы праводзім у жніўні джазавы фестываль. Бясплатна арганізуем музычныя семінары для ўсіх жадаючых. Пасля праграмы навучання вызначаем лепшага ўдзельніка. Пераможца атрымлівае прэміюў памеры 2000 еўра. Сваёй дзейнасцю мы хочам накіраваць жыццё нашага прамысловага мястэчка ў музычнае рэчышча – распавёў пра дзейнасць “Grzegorz Karnas Trio” ў родным мястэчку Гжэгаж..
Музыка не хавае, што яму вельмі спадабалася гарадзенская публіка.
– Калі мы выступаем у Францыі ці Нарвегіі, там сярэдні ўзрост тых, што сядзяць у зале, 50 – 80 гадоў. А ў вас вельмі шмат маладых людзей. Мы гэта адчуваем і нам перадаецца іх энергетыка – падкрэсліў джазмэн.
Адзінае ягонае расчараванне, гэта тое, што насычаная праграма фестывалю не дазволіла польскім музыкам грунтоўна пазнаёміцца з нашым горадам.
– Але мы заўважылі, што горад прыгожы і ў ім вельмі чыста – дзеліцца ўражаннямі Гжэгаж Карнас
Упрыгожваннем фестывалю стаў вядомы ў нашай краіне і за мяжой не толькі як джазавы выканаўца, але і сваімі этна-праектамі мінскі бэнд Port Mone. Гродзенская публіка ацаніла высокі ўзровень падрыхтоўкі сталічных музыкаў бурнымі і частымі апладысментамі.
Паклонніца мінскіх музыкаў Галіна сказала нам:
– Іх музыка – штосьці цалкам асаблівае. Яна ўздзейнічае на падсвядомасць. Я адчувала, што часам проста адключаюся.
Апошнюю частку фестывалю аўдыторыя правяла ў рытмах джаза разам з удзельнікамі швейцарска-беларускага праекта. Кіраўнік швейцарскага джаз-бэнду Albin Brun Alpin Ensemble распавёў, што два гады таму яны прыехалі ў Беларусь, каб знайсці этнічныя жаночыя галасы для сумеснага праекта.
– Вельмі хацелася надаць швейцарскаму джазу новыя інтанацыі, каб ён адрозніваўся ад джазу суседніх краін – тлумачыў публіцы госць са Швейцарыі. Ён прызнаў, што да гэтага часта эксперыментаваў з этнічнымі песнямі розных народаў, але, калі пачуў архаічныя беларускія песні, зрабіў канчатковы выбар.
Беларусь прадстаўляе ў сумесным з Albin Brun Alpin Ensemble праекце жаночае трыа Akana.
Сумесная праца мае шэраг цяжкасцяў ва ўмовах міжнароднага складу группы – прызнаў спадар Альбін Брун у размове з “Тваім Стылем”. Музыка патлумачыў, што дзеля фінансавання пералётаў для сумесных выступленняў і рэпетыцый, увесь час трэба шукаць спонсараў.
– Мы ж выступаем не толькі ў Беларусі – кажа наш суразмоўца і дзеліцца адчуваннем, што публіцы падабаецца нестандартны падыход да аранжыроўкі беларускай песні. – Калі мы выступаем за межамі Беларусі, мы перакладаем змест гэтых песен – адзначае спадар Альбін.
Ён распавядае таксама, што прыкладна год таму швейцарска-беларускі праект зрабіў тур па пяці гарадах Беларусі. – Ужо сёння магу з упэўненасцю сказаць, што асабліва цёпла і сардэчна нас прымаюць у Гародні – не шкадаваў кампліментаў гарадзенцам наш суразмоўца.
Падчас канцэрту Альбін прадэманстраваў публіцы сваю флейту і распавёў, што ва ўсім свеце толькі каля 100 такіх інструментаў. А вырабляе іх толькі адзін майстар у Швейцарыі, ды і заказы ён бярэ не ў кожнага.
Калі я гутарыла з Альбінам у кутку сцэны, маэстра спрабаваў растлумачыць розніцу паміж звычайнай флейтай і гэтай швейцарскай. Я намагалася рабіць разумны выгляд, што разумею, пра што ён кажа, а сама пазірала на флейту. Яна чароўна свяцілася наскрозь. А можа мне толькі здалося, таму што святла ў зале і на сцэне станавілася менш, публіка пакідала залу, а на сцэне згортвалі апаратуру.
Магчыма, не ўсе слухачы фестывалю былі гарачымі аматарамі джазу. Можа, таксама, як я, многія атрымлівалі асалоду, слухаючы музыку менавіта ў дадзены момант і, разумеючы, што ў джаза ёсць дух. Але зарад бадзёрасці і пазытыўнай энэргіі наведвальнікі фестывалю атрымалі, бадай, да наступнай такой імпрэзы.
Здымкі Наталлі Клімовіч