Дэвід Крамер: сустрэнемся з вамі ў вольнай Беларусі

У сваім выспупе сп. Крамер выклаў сваё бачанне наступстваў мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, ацэнку беларускай апазіцыі, а таксама далейшых перспектываў развіцця беларускага грамадства ў цэлым.

Прарэктар ЕГУ Аляксандр Калбаска прадставіў госця як чалавека, «які ведае значна больш аб дэмакратыі і свабодзе, чым мы з вамі”.

 

У пачатку сваёй прамовы сп. Крамер выказаў спадзяванне, што «праз некаторы час у будучым мы сустрэнемся ў Беларусі, вольнай і незалежнай, дзе правядзем такую ж дыскусію».

 

Ход сустрэчы паказаў, што кіраўнік Freedom House сапраўды добра арыентуецца ў тым, чым жыве беларускае грамадства. Аналізуючы “рэжым Лукашэнка”, Дэвід кажа аб адсутнасці свабоды, нерэалізацыі правоў чалавека, пра адказнасць беларускіх уладаў за крызіс у краіне.

 

Цікавасць у аўдыторыі выклікала меркаванне сп. Крамера наконт адносінаў Беларусі і Расіі.

 

На думку эксперта, Расія – гэта тая краіна, якая РЭАЛЬНА можа дапамагчы Беларусі, але далёка не на выгодных умовах.

 

Таму чалавек, які ўзначальвае беларускую ўладу, павінен быць здольны супрацьстаяць націскам Расеі.

 

Што тычыцца беларускай апазіцыі, то, на думку сп. Крамера, яна кепска мабілізаваная, не мае адзінай праграмы і шырокай падтрымкі.

 

Палепшыць сітуацыю, на яго думку, можа абмеркаванне і прыняццё апазіцыяй адзінай палітычнай праграмы.

 

Характарызуючы прэзідэнцкія выбары 2010 г. сп. Крэмер назваў іх нячэснымі і несправядлівымі.

 

На думку эксперта, ацэньваючы іх вынікі, не трэба замыкацца толькі на менскай Плошчы 19 снежня.

 

 

Варта прааналізаваць розныя бакі апошняй выбарчай кампаніі і іх наступствы для краіны ў самых розных сферах жыцця.

 

 

Freedom House (Дом свабоды) – гэта міжнародная грамадская арганізацыя, галоўны офіс якой знаходзіцца ў Вашынгтоне. Вядомая тым, што займаецца даследаваннямі і падтрымкай дэмакратыі, правоў чалавека і палітычных свабодаў ва ўсім свеце.

Мапа свабоды ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы і былога СССР. Зялёным колерам пазначаныя свабодныя краіны, жоўтым – часткова свабодныя, бэзавым – несвабодныя.

 

Штогод арганізацыя публікуе справаздачу з ацэнкай ступені дэмакратычных свабод у кожнай краіне свету.

 

Рэйтынг “Свабода ў свеце ў 2011 г.”, апублікаваны на сайце арганізацыі. Усе краіны свету ў гэтай табліцы падзеленыя на “свабодныя” (Free), “часткова свабодныя” (Partly Free) і “несвабодныя” (Not Free). У першым слупку (PR) прадстаўленая сумарная ацэнка ўзроўню палітычных правоў, а ў слупку CR – узроўню грамадзянскіх свабод у той альбо іншай краіне. Пры гэтым найвышэйшай адзнакай з’яўляецца 1, а найніжэйшай -7.

 

Фота Марыіі Герыловіч