У крамах крадуць таксама прадаўцы

|

Як ты зразумела, што можна красці? Вакол жа відэакамеры, іншыя прадаўцы, ды і на практыцы ты была ўсяго месяц.

– Спачатку  я заўважыла, што можна есці ўсё тое, чым гандлюеш.

Так рабілі ўсё.

Пасля работнік, які працаваў больш за год у краме, пачаў вучыць мяне, як скрасці і пры гэтым застацца незаўважаным.

Аказваецца, кожны прадавец ведае, дзе знаходзяцца відэакамеры, а больш дасведчаныя прадаўцы перадаюць гэтую інфармацыю пачаткоўцам.


Ну і якія самыя, так бы мовіць, распаўсюджанныя схемы крадзяжу?

– Гэта калі прадаўцы дамаўляюцца з кіроўцамі, якія прывозяць тавар.

І, стары спосаб, калі прывязваюць тавар да цела і пад адзеннем праносяць праз ахову. Ведаю прадаўца, які ўвесь час выносіў па палове палкі дарагой тонкай сыравяленай каўбасы ў кашальку.


– Які крадзеж адбываўся ў цябе на вачах і быў самы буйны?

– Два прадаўцы за адзін раз вынеслі з крамы 6 палак дарагой сыравяленай каўбасы і 6 бутэлек Марціні.

Крадзеж адбываўся падчас перакуру.

Адзін прадавец засланяў другога ад відэакамеры, а той пад адзеннем усё гэта вынес і скінуў за плот, за якім тавар ужо чакалі.


– А як ты праводзіла махінацыі ў сябе ў аддзеле?

– Родныя, знаёмыя прыходзілі за пакупкамі, а я ім узважвала самыя дарагія мясныя вырабы і пры гэтым заніжала іх рэальную вагу.

Ну і, замест таго, каб прабіць на касе рэальны кошт прадуктаў, выбівала на чэку танны, бессартавы прадукт.


– А сама сабе магла гэтак жа зрабіць і ў канцы працы пранесці тавар праз касу?

– Рызыкаваць не хацела.

Прадавец купляе тавар, праходзіць праз касу, але таксама і праз інфацэнтр, дзе тавар пераважваецца і спраўджваецца ягоная адпаведнасць з выбітым чэкам.

А там спецыялісты лёгка адрозняць тавар вышэйшай якасці ад бессартавога.


– Які самы дарагі прадукт ты паспрабавала дзякуючы працы ў краме?

– Бастурма – самы дарагі прадукт, які быў у нас на прылаўку.

Калі б я не працавала ў “гастраноміі”, то, ведаю дакладна, такую рэч ў бліжэйшай будучыні з-за цаны не магла б сабе дазволіць.

Хаця, нічога асаблівага ў бастурме няма.

Таксама паспрабавала нейкую экзатычную садавіну, якой назвы зараз і не ўзгадаю. Садавіну гэтую я пакаштавала у межах, так бы мовіць, абмену паміж аддзеламі.


align=”left” alt=”Image 18147″ >- Як загадчыца рэагавала на тое, што прадаўцы кралі?

– Яна сама рабіла тое самае.

Праўда, часам лаялася на нас, каб мы не нахабнічалі.

Аднойчы мы «прадалі» пэўнага сорту самых танных мясных вырабаў больш, чым іх было ў краме, хоць на прылаўку гэтых прадуктаў яшчэ было дастаткова.


– А хто-небудзь з прадаўцоў хоць раз быў схоплены на крадзяжы?

– Адзін пастаянна краў парфумерыю.

Звычайна штрых-код ляпіўся на пакункі, але аднойчы, каб злавіць злодзея «за руку», штрых-код наляпілі пад вечкі тавараў.

Прадавец папаўся з крэмам.


– Як яшчэ прадаўцы могуць «зарабіць» у краме?

На розніцы пры пераацэнцы тавару.

Не заробіш толькі на цукры і тытунёвых вырабах, а ўсё іншае пастаянна пераацэньваецца.


Чым, на тваю думку, можна спыніць махляванні і крадзеж сярод прадаўцоў?

– Годнымі заробкамі.


І, напрыканцы, ці можаш сказаць, колькі за месяц практыкі ты вынесла з крамы мясных прадуктаў?

– Цяжка адказаць … не лічыла. Можа, каля 30 кілаграмаў.

 

Усё сваё жыццё я спачувала прадаўцам: у іх нізкі заробак, нястачы, цэлы дзень на нагах, грубыя кліенты, ды яшчэ несумленныя грамадзяне, якія сыходзяць з крамы не заплаціўшы за тавар.

Пасля размовы з Нінай, я зразумела, што прадаўцы не зусім безабаронныя і часта самі кампенсуюць сабе нізкія заробкі крадзяжом, на які іх дэ факта штурхае працадаўца.