Урачыстасці да гадавіны смерці Стэфана Баторыя ў Гродне
Генеральнае консульства Польшчы ў Гродне да гэтай даты ладзіць канцэрт польскай музыкі эпохі Адраджэння.
11 снежня ў Сянацкай зале Новага замку перад гродзенцамі выступяць удзельнікі ўнікальнага міжнароднага ансамбля Акадэмія Традыцыі.
Музычны праект аб’ядноўвае творцаў з Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Эстоніі, Расіі.
У іх рэпертуары рэнесансная музыка народаў, якія яднала Рэч Паспалітая, французскія, нямецкія, італьянскія сярэднявечныя спевы і музыка.
Пачатак канцэрта ў 18 гадзін.
12 снежня ў 19 гадзін у Фарным касцёле адбудзецца памінальная імша на лацінскай мове.
Узначаліць набажэнства біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Стэфан Баторый – кароль польскі і вялікі князь літоўскі, памёр 12 снежня 1586 года ў сваёй рэзідэнцыі ў Старым замку ў Гродне.
Ён быў адной з найбольш вядомых і значных асоб у гісторыі Беларусі XVI стагоддзя, адным з найбольш знакамітых манархаў Еўропы, вопытным паўкаводцам, дыпламатам, мецэнатам, зрабіў значны ўнёсак ва ўмацаванне Рэчы Паспалітай.
Гродзенскі гісторык Святлана Марозава ў артыкуле “Веліч правіцеля, спалучаная з трагедыяй чалавека”, так апісвае рэакцыю, якую выклікала раптоўная смерць Стэфана Баторыя:
“Было шмат людзей, якія аддавалі справядлівасць Баторыю, разумелі памер панесенай страты і смуткавалі з гэтай нагоды.
Ян Замойскі, яго правая рука, пісаў, што ад здароўя манарха залежаў лёс Рэчы Паспалітай. Райнгольд Гейдэнштэйн пісаў: “Заслугі Стэфана Баторыя для Польшчы неацанімыя.
Калі б не хуткая смерць, здзейсніліся бы намнога больш вялікія справы, якія ўжо ў думках падрыхтаваў”.
З’явіліся шматлікія “ляменты” і “льзы” (слёзы) на смерць караля. Але найбольш славілі караля езуіты, якія былі яму шмат чым абавязаны.
Не ўсіх аднак агарнулі смутак і жалоба.
Пад канец панавання Баторый не быў любімым і ацэненым усёй шляхтай….
Шмат для каго ён быў ненавісным.
Яшчэ большае ўражанне выклікала смерць Стэфана Баторыя за мяжой.
У Рыме аплаквалі караля, бо з яго смерцю зноў гінула надзея на стварэнне антытурэцкай лігі. …
Затое цешыўся аўстрыйскі двор ды лікавала Масква: яна пазбавілася суперніка, які ў хуткім часе збіраўся прывесці яе да пагібелі.
“Стэфан Баторый, – пісаў вядомы расійскі гісторык Мікалай Карамзін, – быў адным з найбольш знакамітых манархаў свету, адзін з самых небяспечных ворагаў Расіі, чыя смерць больш нас пацешыла, чым дзяржаве, у якой панаваў, смутку прынесла…”.
Так адразу пасля смерці Баторыя адны палітыкі, пісьменнікі і гісторыкі адкрывалі дарогу залатой легендзе, другія – легендзе чорнай”.