Гродзенскія дзеці і падлеткі з абмежаваннямі змогуць займацца фехтаваннем
Дабрачынны праект рэалізуе спартыўна-рэабілітацыйны комплекс “Эгалітэ” – некамерцыйная арганізацыя, якая праз заняткі спортам займаецца рэабілітацыяй дзяцей і дарослых з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
Дырэктар “Эгалітэ” Ігар Ясюкевіч:
-У зале ставяцца спецыяльныя платформы, на якія ўсталёўваюцца інвалідныя вазкі, і, седзячы ў іх у адпаведнай экіпіроўцы падлеткі вучацца фехтаваць.
Упершую чаргу гэта дае эфект фізічнай рэаблітацыі, па-другое – гэта інтэграцыя хворых дзяцей у супольнасць.
Акцэнт будзе рабіцца на падлеткаў з 10 гадоў.
Трэніроўка арганізуецца такім чынам, што чалавек здаровы і з абмежаванымі магчымасцямі могуць трэніравацца разам.
Заняткі фехтаваннем для дзяцей з абмежаваннямі ўжо праходзяць у Мінску і Полацку, зараз займаемся Брэстам.
Да Гродна дабярэмся бліжэй да вясны.
Паралімпійскае фехтаванне мае даўнюю гісторыю.
Адмысловую методыку яшчэ ў 1780 годзе распрацаваў і апісаў французскі доктар Ціссо.
Такія заняткі будуць карысныя і даступныя падлеткам з ДЦП, ампутацыямі, тым, хто мае сур’ёзныя праблемы з пазваночнікам.
alt=”Image 18212″ >
Ігар Ясюкевіч кажа, што ў Гродне ёсць фехтавальшчыкі, гатовыя працаваць з інвалідамі.
Калі нехта з падлеткаў пакажа добрыя вынікі, яму прапануюць займацца фехтаваннем больш сур’ёзна – беларуская паралімпійская зборная адна з найбольш моцных у свеце.
Хаця ў першую чаргу мэта заняткаў – рэабілітацыя, і займацца зможа кожны, хто захоча, незалежна ад здольнасцяў.
Затое існуюць абмежаванні іншага ўзроўню.
У Гродне плануецца ўсталяваць толькі 2 платформы, адпаведна, займацца адначасова змогуць толькі 6-7 падлеткаў.
Пакуль не зразумела, якім чынам дзеці, пазбаўленыя магчымасці самастойна перасоўвацца, будуць дабірацца на заняткі.
Над вырашэннем праблемы дастаўкі дзяцей на трэніроўкі таксама будзе думаць “Эгалітэ”.
Сродкі на стварэнне залаў рэабілітацыі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі “Эгалітэ” здабывае з дапамогай свайго заснавальніка – Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Здароўе ў ХХI век” (opeka.by) і праз дабрачынныя ахвяраванні.
Па словах Ігара Ясюкевіча, адгукаюцца многія: спонсарамі робяцца і юрыдычныя асобы, і асобныя людзі.
Для збору сродкаў на стварэнне рэабілітацыйных цэнтраў, набыцця спецыяльных платформ, інвалідных вазкоў, спартыўнай экіпіроўкі створана дабрачынная тэлефонная лінія.
Каб дапамагчы – дастаткова пазваніць з гарадскога тэлефона на нумар 8-902-101-3333 і дачакацца словаў падзякі.
Такім чынам вы ахвяруеце 9000 рублёў.
Сума ўвойдзе ў кошт аплаты паслуг за тэлефон, а сродкі пойдуць на дзейнасць “Эгалітэ” ў кірунку рэабілітацыі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
Здымкі з сайта http://egalite.by