Агонь з Бэтлеема прыбудзе ў Беларусь.

|

Праз Ліду, Мінск, Віцебск  агонь павязуць у Маскву.

 

17 снежня бэтлеемскі агонь каталіцкія скаўты даставяць у мінскую архікатэдру і некаторыя іншыя парафіі сталіцы.

Урачыстае ўнясенне бэтлеемскага агню ў мінскі архікатэдральны касцёл адбудзецца перад святой Імшой на 18.30.

18 снежня бэтлеемскі агонь трапіць у грэка-каталіцкую парафію Святога і праведнага Язэпа.

 

Бэтлеемскі агонь аб’ядноўвае не толькі жыхароў розных краін, але і прадстаўнікоў розных веравызнанняў: святло Бэтлеема трапіць як у каталіцкія, так і праваслаўныя святыні Беларусі.

Гэтую цудоўную перадкалядную традыцыю — распасюджванне Бэтлеемскага агню — распачалі ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц.

Першапачаткова яна планавалася, як акцыя ў перыяд калядных святаў з мэтай падтрымкі дзяцей-інвалідаў і ўсіх, хто патрабуе дапамогі і ўвагі.

 

Гэтую высакародную справу адразу ўзялі ў свае рукі еўрапейскія скаўты.

Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ў месцы нараджэння Ісуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю.

Пасля ўрачыстасцяў у катэдральным касцёле ў Вене агонь перадаецца ў іншыя краіны.

 

На здымку: Бэтлеемскі агонь у Гродне (2008 год).