Гарадзенскаму “Белкарду” споўнілася 60 гадоў

 

Гісторыя стварэння ААТ “Белкард” цесна звязана з гісторыяй нашай дзяржавы. Краіна разбураная падчас другой сусветнай вайны,  адчувала вострую патрэбу ў аднаўленні машыннага парку. Таму ў рэкордна кароткі тэрмін у Гродне была падрыхтавана вытворчая пляцоўка, а ўжо ў 1951 годзе пачалі працаваць майстэрні па рамонце падшыпнікаў.

Не ў кожнай крыніцы можна знайсці інфармацыю аб тым, што для стварэння пляцоўкі пад вытворчасць трэба было знішчыць капітальныя будынкі гродзенскай Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі на Калгаснай плошчы, якія паспелі праслужыць ўсяго толькі 2-3 гады. Сёння  на месцы былой ВДНГ і Калгаснай плошчы размешчаны ФАК “Блакітны”, Палітэхнічны каледж, уласна прадпрыемства “Белкард” і Хлебазавод.

 

– Першую партыю карданных валаў завод выпусціў у 1959 годзе для аўтамабіляў ЗІЛ-120 – распавядае “Твайму Стылю” намеснік начальніка аддзела маркетынгу і знешняй эканамічнай дзейнасці прадпрыемства, Валерый Казаноўскі, і дадае, што гэты від прадукцыі дагэтуль з’яўляецца візітнай карткай прадпрыемства.

Значна пашырыць вытворчую праграму дазволілі шырокамаштабнае капітальнае будаўніцтва і запуск ў 1965 годзе ўласнай кавальска-прэсавай вытворчасці. Гродзенскі Завод карданных валаў пачаў пастаўляць сваю прадукцыю на канвееры заводаў-вытворцаў аўтатэхнікі па ўсім Савецкім Саюзе.

 

Цяжкім выпрабаваннем для прадпрыемства стаў 1991 год, калі распаўся СССР.


– Тады распаліся таксама вытворчыя сувязі, якія склаліся дзесяцігоддзямі – нагадвае Валерый Казаноўскі. – Неабходна было знайсці новыя рынкі збыту і наогул навучыцца жыць па-новаму, перш за ўсё ў рэжыме жорсткай эканоміі.


Зіму 1991-92 гг. прадпрыемству давялося працаваць без ацяплення. У цэхах палілі вогнішчы.

 

Вядома ж, перажыць такое было магчыма толькі дзякуючы цярпенню, адданасці і зладжанай працы нашай каманды, – падкрэслівае намеснік начальніка аддзела маркетынгу ААТ Белкард.

 

Валерый Казаноўскі звяртае ўвагу на тое, што сёння да аўтамабільнай тэхнікі прад’яўляюцца больш жорсткія патрабаванні надзейнасці і даўгавечнасці, чым у часы СССР. Таму  на базе свайго навукова-тэхнічнага цэнтру сумесна з Беларускім тэхнічным універсітэтам і Нацыянальнай Акадэміяй Навук Беларусі ААТ Белкард стварае і ўкараняе новыя канструкцыі перспектыўных карданных валаў.

 

У межах праграмы асваення новых відаў прадукцыі, прадпрыемства нядаўна вырабіла спробны ўзор падбіральніка каменняў (каменнепадборшчык). Машына паспяхова прайшла выпрабаванні ў СВК “Капцёўка», а прадпрыемства атрымала заказ вырабіць 25 каменнепадборшчыкаў.

 

– У вытворчым спісе ААТ«Белкард» больш за 800 найменняў карданных валаў, гідраўлічных амартызатараў, тармазных камер і газавых спружын, – не без гонару распавядае Валеры Казаноўскі, паводле якога прадукцыя з гандлёвым знакам «Белкард» пастаўляецца ў Расію, Украіну, Казахстан, Азербайджан, Малдову, Германію, Літву, Латвію, Эстонію, Польшчу і Балгарыю.

 

Асаблівым багаццем прадпрыемства з’яўляюцца яго кадры. Больш за 50 гадоў на заводзе працуе Васіль Ісакаў (на здымку). Некалі галоўны канструктар, цяпер ён працуе канструктарам ў групе галоўнага тэхнолага. У гэтым годзе ажыццявілася яго мара: стварыць модульны колавы універсальны шасі-трактар. ШТК-25, які ён стварыў, зараз праходзіць выпрабаванні і будзе здольны замяніць некалькі машын.

 

– Для мяне юбілей Белкарда – не толькі гучныя словы, – з гонарам кажа Васіль Ісакаў. – Не хацеў бы паказацца сентыментальным, але я шчаслівы, што мой лёс цесна пераплецены з гісторыяй завода, што я магу тут працаваць і рэалізоўваць свае ідэі.

 

Больш за 30 гадоў на прадпрыемстве працуе Яўген Агеец. Гэта чалавек, які з’яўляецца прыкладам выключнай працавітасці, прыстойнасці і кемлівасці.

 

–          Напрацягу 7 гадоў я працаваў майстрамраспавядае  токар Агеец. Але на гэтай пасадзе не мог забыцца аб працы токара ні на секунду. Дрэнна спаў па начах. Урэшце – папрасіў перавесці мяне працаваць токарам.

Яўген без перабольшання можа  сказаць, што ў яго галава “сябруе” з рукамі.

 

– Я магу адрамантаваць станок, магу яго сам наладзіць, магу зрабіць рэжучы інструмент. Зараз я адрамантаваў спісаны станок і вырабляю на ім дэталь, якую, згодна з вытворчай праграмай, выконвае станок з ЛПК (лікавым праграмным кіраваннем) за 200 тысяч даляраў. Я займаюся тым, што мне падабаецца і сплю спакойна кажа наш суразмоўца.

 

У спадара Яўгена шмат захапленняў. Ён з задавальненнем праводзіць час на лецішчы, займаецца дызайнам, вырошчваннем раслін.

 

Нягледзячы на цяжкасці пераходнага перыяду ад планавай да рыначнай эканомікі, ААТ Белкард здолеў захаваць развітую сацыяльную сферу – санаторый “Cвітанак”, ФАК “Блакітны”, уласную медычную службу.

 

З 1975 года на базе ФАК “Блакітны” працуе дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, якая рыхтуе юных футбалістаў і плыўцоў. Футбольная каманда Белкард выступае ў II нацыянальнай лізе. Не кожнае прамысловае прадпрыемства можа пахваліцца жаночай футбольнай камандай. На ААТ Белкард яна ёсць.

 

На 16 сьнежня гэтага года плануецца адкрыццё адрэстаўраванага музея ААТ Белкард. Шырокамаштабная экспазіцыя пазнаёміць наведвальнікаў з працоўнымі і сацыяльнымі дасягненнямі прадпрыемства.

 

Здымкі з музейнага архіву прадпрыемства, Дзяніса Абрамовіча