Ці будуць папулярнымі Правілы дарожнага руху па-беларуску?

Сябры ТБМ таксама распрацавалі канспект па вывучэнні правілаў дарожнага руху на беларускай мове, які змогуць выкарыстоўваць аўтаінструктары ў працы з беларускамоўнымі студэнтамі аўташкол. Пераклад плануецца аддаць на праверку ў Цэнтр прававой інфармацыі і ДАІ.

 

Гэта сапраўдная ручная праца, — пракаментавала для “Нашай нівы” намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. – Разам з энтузіястамі Юрасём і Святланай Гецэвічамі мы стварылі поўны пераклад. Паводле словаў Юрася Гецэвіча, ёсць ужо папярэдняя дамоўленасць з некалькімі выкладчыкамі мінскіх аўташкол, якія па жаданні вучняў будуць выкладаць правілы на беларускай мове.

 

Як ставяцца да гэтай навіны гарадзенскія кіроўцы?

 

Даша: – У прынцыпе, падзея радасная, гэта супер, што ёсць правілы па-беларуску. Вось толькі думаю, што папулярнасцю яны не будуць зараз карыстацца. Наўрад ці збяруцца групы і знойдуцца выкладчыкі, якія будуць вучыцца выкладаць па-беларуску. Гэта хутчэй праца на будучыню, калі раптам становішча з дзяржаунай мовай у нашай краіне зменіцца. А зараз гэта хутчэй кніга, якую я пачытаю для сябе :), каб падцягнуць спецыяльную лексіку.

 

Юрась: – У жыцці карыстаюся беларускай мовай і імкнуся пашыраць свае веды, таму мяне як спажыўца цікавіць спецыялізаваная тэрміналогія. Гэты пераклад можа стацца стандартам у тэрміналогіі ПДР.

 

Міхась:Гэта падаецца малаверагодным. Хаця і выклікае цікавасць. Мне гэта цікава, але сам бы пайшоў вучыцца па-беларуску на кіроўцу толькі тады, калі б былі адпаведныя ўмовы. Па-першае, гэта група – мне белай варонай быць не хочацца, другое – беларускамоўныя інструктары, ну і канешне іспыт у ДАІ.

 

Віктар, спадар сталага веку: – Мне усё роўна (смяецца), я і па-беларуску магу і нават па-украінску.

 

Яўген Дудко, начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама:Калі зроблены такі пераклад, то добра. У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, таму калі будуць ахвотныя вучыцца па-беларуску – калі ласка. Галоўнае, каб была адпаведная заканадаўчая база.

 

А вось як пракаментавалі такую навіну супрацоўнікі аўташкол.

 

Гродзенская аўташкола “ДОСААФ”:Гэта цалкам бессэнсоўна і сумнеўна. Усе дакументы, якія рэгламентуюць навучанне, нарматыўная база, СТБ – па-расейску. Інструктары 30 год выкладаюць па-расейску, і па-беларуску ўжо не змогуць.

 

“АртДрайв”:Сумнеўна, што гэта магчыма. Інструктары выкладаюць па-расейску.

 

“Автошкола безопасности вождения”: – Такога пытання ніколі не ўзнікала. Але калі набярэцца група ахвотных вучыцца на кіроўцу па-беларуску, то канешне магчыма. Інструктары змогуць выкладаць, чаму не, не па ангельску ж.

 

Кіраўнік грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” Алег Трусаў адзначыў, што мае намер дамагацца прыняцця Правілаў дарожнага руху (ПДР) на беларускай мове асобным указам прэзідэнта. Пра гэта ён заявіў 8 снежня ў Мінску на прэзентацыі перакладу ПДР на беларускую мову, падае “Наша ніва”:

 

Калі мы рыхтавалі гэтыя правілы, аказалася, што яны прымаюцца не законам. Не праз парламент у двух чытаннях і Саветам рэспублікі, а ўказам прэзідэнта. З іншага боку, гэта добра — няма бюракратычных перашкод. Мы ставім пытанне: вось вам версія ПДР на беларускай мове, вось вам патрабаванні, і, калі прэзідэнт выдасць указ — гэта будзе ўжо афіцыйны пераклад.

 

Як заявіла намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім, арганізацыя 5 гадоў ліставалася з дзяржаўнымі органамі, каб на беларускую мову былі перакладзены тэхнічныя талоны агляду аўтамабіля і Правілы дарожнага руху.

 

Практычна ўсе яны гаварылі адно: не трэба нічога перакладаць, бо ў нас дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. Тады мы вырашылі, што грамадская арганізацыя, статутнай мэтай якой ёсць папулярызацыя беларускай мовы, перакладзе ПДР сама, — паведаміла Алена Анісім для Радыё Свабода.

 

Застаецца чакаць, калі “прэзідэнт выдасць указ“. Аднак ці ўсё залежыць толькі ад аднаго чалавека? Ці змог бы з’явіцца гэты пераклад без энтузіястаў сваёй справы? Адно з пытанняў, якое задавалася супрацоўнікам аўташкол: ці былі ахвотныя вучыцца на кіроўцу па-беларуску? І адказ быў заўсёды адназначны – не.