19 снежня: юбілей стабільнасці ці рэквіем па мары?

Што думаюць пра вынікі гэтага года людзі, якія ў той альбо іншай ступені адчулі гэтыя рэпрэсіі на сабе?

 

align=”left” >Уладзімір Хільмановіч — гісторык, праваабаронца.

 

Для мяне асабіста, як і для ўсіх беларусаў, гэты год быў цяжкі ў тым сэнсе, што беларусаў пераследвалі і пераследваюць  дагэтуль за “Плошчу”.  Усіх тых,  хто там бы, сярод якіх быў і я. Псіхалагічна гэты год быў вельмі цяжкім.


Што змянілася за год? Сведамасць грамадзян змяняецца. Усе больш і больш людзей усведамляюць сутнасць сістэмы. Гэта пацвердзілі “Маўклівыя акцыі”, акцыі “СТОП-паліва”. З’явіліся зусім новыя людзі, якія былі раней апалітычнымі. Падзеі 19 снежня далі сваеасаблівы імпульс, штуршок да новых дзеянняў.


Ёсць і негатыўныя эфекты – ішла і працягваецца брутальная зачыстка іншадумцаў. Некаторыя самыя актыўныя, самыя годныя ўдзельнікі выбарчага працэсу, кандыдаты і іх паплечнікі да гэтага часу  знаходзяцца ў турме. Гэта вельмі сумна.


Працытую Валерыю Навадворскую: “На Плошчы не хапіла людзей. Каб было сто тысяч чалавек, а не сорак тысяч, то, магчыма, улада не адважылася б на такі брутальны разгон. Зараз вельмі цяжка ўявіць нейкі пазытыўны сцэнар, што могуць быць перамены мірным шляхам”.


Павал Севярынец – беларускі хрысціянскі палітык і публіцыст, палітвязень.

 

– Наступствы будзем перажываць яшчэ доўга. Гэта і разгром  дэмакратычных сілаў, і дамінаванне Расеі, ізаляцыя з боку Захаду. На мой погляд, корань усіх праблемаў, якія паўсталі на Плошчы, былі не ў рэжыме, колькі ў нас саміх.

Таму што, калі б на Плошчы быў адзіны дух, калі б гэта быў дух тых людзей, якія не столькі баяцца Лукашэнкі, колькі Госпада Бога, калі б на Плошчы мы пачалі б, як украінцы ў свой час, Майдан,  альбо палякі мітынгі салідарнасці з малітвы, тады і Плошча і ўвесь гэты год былі іншымі.


Нават гэтая сітуацыя пойдзе нам на карысць.  Тым, хто верыць у  Бога і любіць Беларусь. У тых выпрапрабаваннях, якія прайшлі, загартавалася цэлае пакаленне новых лідараў. Тых людзей, якія прайшлі СІЗА КДБ, зоны – гэта зараз лідары незалежнага беларускага грамадства. Адбываецца пэўная змена лідараў.


Гэта таксама урок і Захаду, таму што гульні з рэжымам ў дэмакратызацыю скончыліся вось гэтым чорным годам. Зараз патрэбна іншая стратэгія.


У рэшце рэшт, гэта урок для ўсяго беларускага народу. Які мусіць зразумець: а ні Захад, а ні Усход, а ні Лукашенка ягоны лёс не вырашыць. Яны проста не могуць. Можа і павінен беларускі народ, мы самі.


Разбурэнне эканамічнай мадэлі Лукашэнкі пачалося акурат з павышэння заробкаў і разгона Плошчы. Хачу ўзгадаць словы аднаго пратэстанскага епіскапа Сяргея Хоміча, які, выступаючы праз тыдзень пасля разгону Плошчы перед вялікай царквой вернікаў, сказаў, што цяпер Госпад будзе судзіць гэты народ. Суд па-грэцку азначае крызіс. Гэта азначае, што крызіс быў запраграмаваны, закладзены. Думаю, пакуль мы не перажывем гэты крызіс, мы не прыйдзем да таго, што шукаем.


Гэты крызіс патрэбен нашым сэрцам у першую чаргу. Можа да кагосьці дойдзе праз страўнік, можа камусьці праз розум. Калі мы не пакаемся і не перастанем быць абыякавымі, калі мы не перастанем баяцца – будзем жыць, як жылі сямнаццаць год.


Тое, што людзі палітызуюцца – факт. Таксама можна дакладна сказаць, што ўлада канчаткова згубіла давер. Цалкам – Лукашенка, урад. Яны адарваліся ад беларускага народу. І яны і нават тыя, хто іх падтрымліваў.

 

Беларускі народ павіс зараз між небам і зямлёй, паміж захадам і усходам, як заўсёды. І надыходзіць час выбіраць.


Алесь Кіркевіч – грамадскі актывіст, былы палітвязень.

 

У пэўным сэнсе 19 снежня з’яўляецца кропкай невяртання ў гісторыі лукашызму: не думаю, што рэжым калі-небудзь будзе мець яшчэ тую сацыяльную базу і падтрымку, якую меў да 19-га, да падзеяў вясны-лета 2011, які былі справакаваныя 19-м.

 

Свой пік рэжым ужо прайшоў, а зараз будзе спад, які таксама не будзе лёгкім. Гэтая ўлада зараз трымаецца выключна на штыках і на здрадніцкай продажы народнага майна ў выглядзе прадпрыемстваў, а разам з імі і незалежнасці.


19 снежня – Дзень трыюмфу і паразы, усё ж такі дзень рэвалюцыі – рэвалюцыі светапогляду адносна нашых ілюзіяў што да канкрэтных палітыкаў, метадаў дзеяння, партыяў і рухаў. Канешне, гэтая дата закранула і маё жыццё, але гэта ўжо асабістае.


Дадалося вопыту, сяброў, ворагаў, троху паменшыла зубоў) Зараз я прыйшоў у Грэка-каталіцкую царкву, па-троху пішу, па-ранейшаму займаюся дзейнасцю «Маладога Фронту».


Галоўная рэвалюцыя адбываецца ў тваім сэрцы, у тваёй свядомасці. А для гэтага не абавязкова быць «прафесійным рэвалюцыянерам». Не важна, як складзецца тваё жыццё далей, але пэўную школу, няхай і экстэрнам, прайсці варта. Самае страшнае, што вы можаце зрабіць для гэтай улады – гэта перастаць яе баяцца: пачніце хаця б спрачацца з ментамі, начальнікамі, ЖЭСам… Адстойвайце свае правы і правы сваіх блізкіх. Спрабуйце, і ў вас атрымаецца!


Ад аўтара: дата 19 снежня атрымала ў падсвядомасці многіх людзей статус “уласнага імя”. Быццам гэта адно слова, а не спалучэнне назвы месяца і лічбы.  Лічба “19” стала кропкай адліку. Кожны месяц дзевятнаццатага чысла тыя, каго Плошча закранула асабіста, ўздрыгваў: “Яшчэ месяц прайшоў…”

 

Народу трэба вырашацца: застацца ў межах гэтай лічбы, альбо зрабіць шырокі крок наперад да новых падзей, датаў з больш пазытыўнымі вынікамі. Справа нават не ў смеласці, а ў выбару.