Як пазбегнуць стрэсу падчас сесіі?

Магістр псіхалагічных навук Анастасія Багай (на здымку) распавядзе, як прывесці свае думкі ў парадак, заставацца спакойным і ўпэўнена глядзець выкладчыку ў вочы.

 

align=”left” >

Падрыхтоўка да іспыту. На стадыі падрыхтоўкі да іспытаў неабходна выпрацаваць два важных моманта –  здольнасць хутка ўзгадаць патрабаваны матэрыял і развіццё ў сабе стрэсаўстойлівасці.

 

Большасць студэнтаў перад экзаменамі спрабуюць “вызубрыць” максімум інфармацыі, але ж гэта вялікая памылка. Пры такім сляпым завучванні адбываецца механічнае запамінанне матэрыялу, якое ў экстрэмальнай сітуацыі аказваецца вельмі неэфектыўным. Нашмат лепш для здачы экзаменаў выкарыстоўваць лагічную памяць. Таму перад іспытам варта не столькі загружаць сваю галаву новай інфармацыяй, колькі наводзіць у ёй парадак сістэматызуючы і аб’ядноўваючы элементы ведаў лагічнымі сувязямі. Для гэтай мэты можна, у працэсе падрыхтоўкі, скласці кароткія схемы-табліцы па тэме.

 

Галоўнае правіла на гэтым этапе – рацыянальнае планаванне і размеркаванне працы. Білеты трэба размеркаваць так, каб у апошні дзень заставалася толькі паўтарыць вывучаны матэрыял, прычым непаслядоўна.

 

Не экзаменатар кіруе экзаменам, а студэнт. Вусны адказ заўсёды нагадвае маналог, які потым ацэньваецца экзаменатарам. І пасля таго, як агучана адзнака, змагацца за яе павышэнне складана. Найбольш эфектыўна кіраваць экзаменацыйным працэсам атрымоўваецца ў тым выпадку, калі студэнт ператварае яго ў дыялог з экзаменатарам.

 

Калі вы не ўпэўнены ў правільнасці свайго адказу, то лепш за ўсё падзяліць яго на серыю невыразных сцвярджэнняў, якія нельга зразумець адназначна. У далейшым не спяшайцеся з працягам адказу, а ўважліва прасачыце за рэакцыяй выкладчыка. Большасць экзаменатараў сваёй мімікай, жэстамі, паставай, характарам і інтанацыяй удакладняючых пытанняў мімаволі даюць зразумець, згодны яны з пачутым ці не. Гэта дазволіць вам карэктаваць свой адказ, часам мяняючы яго сэнс на супрацьлеглы.

 

Часам бывае выцягнеш  білет і адчуваеш, што нічога не ведаеш. Пераадолець гэты няёмкі момант дапамагае простая тэхніка. Падзяліўшы ліст напалову, злева напісаць “ ведаю”, справа – “не ведаю”. Пры гэтым уся інфармацыя, якая ёсць у галаве, упарадкуецца, а хваляванне пройдзе. Неўзабаве выявіцца, што памяць сама пачынае нам падказваць, і паступова частка з калонкі “я не ведаю” пяройдзе ў калонку “ведаю”.

 

З практычнымі заданнямі трэба змагацца да апошняга, нават калі штосьці і не атрымліваецца. Дайце мажлівасць экзаменатару пабачыць ход вашых думак, магчыма ён правільны.

 

Парады супраць стрэсу:

 

• Глыбокае дыханне! Пасля 3 – 4 глыбокіх удыху і выдыху нервовае напружанне здымаецца, а калі вы зможаце на 10 секунд пераключыцца на прыемныя ўспаміны, то вы зноў у добрым працоўным стане.

 

• Кансультацыі перад іспытам. Абавязкова наведвайце іх і сачыце, як выкладчык адказвае на пытанні, з якой ступенню складанасці іх раскрывае.

 

• Сачыце за ходам іспыту. Калі выкладчык кажа тое, што вы і самі выдатна ведаеце, вам неабходна актыўна пагадзіцца заківаўшы галавой, мякка спыніць і скончыць адказ самастойна.

 

• Паслядоўны адказ. Акцэнт на важных словах і зменлівы тэмп гаворкі, надасць вашаму адказу выразнасць.

 

• Вельмі важны знешні выгляд, жэсты і міміка. Ахайнасць і акуратнасць надаюць упэўненасць у сваіх сілах. Будзьце натуральнымі і хвалюйцеся спакойна.

 

• Для тых, хто ўсё ж такі сумняваецца ў сваіх сілах, выратавальнай саломінкай становіцца самастойна вырабленая шпаргалка, якая дазваляе сістэматызаваць інфармацыю, запомніць складаныя факты і лічбы. Праўда, карыстацца напісанымі шпаргалкамі на экзаменах не рэкамендуецца, бо ўсе думкі засяроджваюцца на тым, як ёй скарыстацца.

 

А як змагаюцца са стрэсам студэнты?

 

Aляксандр Рымашэўскі, студэнт ГДАУ, 3 курс.

 

Ад стрэсу мяне выратоўвае спакойная музыка, у большасці выпадкаў. У вольны час наведваю кінатэатр або іду на хакейны матч. Менавіта там, на 2 – 3 гадзіны, магу забыцца на свае клопаты звязаныя з экзаменамі, крыху асвяжыць галаву і, сапраўды, адпачыць. Калі і на першае, і на другое няма часу, то проста іду ў краму за чымсьці салодкім.

 

 

 

Кацярына Чарнак, студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ ім. Янкі Купалы, 5 курс.

 

–  Для мяне сесія праходзіць нармальна. Толькі адзіны мінус –  уначы перад іспытам не магу заснуць і вельмі хочацца есці. Хваляванне пачынае з’яўляецца толькі перад дзвярыма аудыторыі. На мой погляд, каб пазбегнуць стрэсу, галоўнае – вучыцца на працягу семестра.

 

 

 

 

Хваляванне за поспех экзаменаў – гэта нармальная з’ява. Нават падаецца дзіўным, калі  студэнт адчувае сябе цалкам спакойна. Таму рыхтуемся да бою з розумам, памятаем аб сваім здароўі і аб тым, што нават пасля няўдалай  сесіі жыццё працягваецца.