Упершыню вегетарыянскае меню з’явілася ў гарадзенскай школе
Усё пачалося з таго, што класны кіраўнік 11Ф-М-1 класа Алена Ліра звярнула ўвагу на тое, што трое яе вучняў у сталовай не ядуць мясных страў, хоць здаюць грошы кожны месяц як і ўсё. Спадарыня Алена ўзняла гэтае пытанне на педагагічнай нарадзе і дырэктар ліцэя прыслухаўся да праблемы.
– Вырашылі паспрабаваць ўвесці вегетарыянскае меню на час посту – распавядае настаўніца і дадае, што не выключана, што меню застанецца таксама і пасля посту, “калі ўсё будзе добра”. – З гэтай нагоды афіцыйна напісалі загад, у якім пазначаны прозвішчы дзяцей-вегетарыянцаў – звяртае ўвагу на афіцыйнае афармленне новаўвядзення Алена Ліра і прызнае, што ў дакументах вегетарыянскае меню пазначана як “дыетычнае”. – Проста мясныя стравы ў ім замяняюць іншымі – тлумачыць настаўніца.
Пра практычны бок рэалізацыі новаўвядзення распавядае Святлана Вараненка, загадчыца вытворчасці сталовай ліцэя. Яна кажа, што двухтыднёвае дыетычнае меню распрацавана ў школе для пецярых дзяцей, якія не ядуць мяса.
– Я гутарыла з кожным дзіцём асобна, і мы гатуем стравы па іх жаданні. Усё прапісана ў дакументах – падкрэслівае спадарыня Святлана. На пытанне, ці не цяжка гатаваць асобна для пецярых, мая суразмоўца прызнае, што цяжка. – Але пакуль спраўляемся, тым больш, што кіраўніцтва ліцэю зацікаўленае, каб адсотак дзяцей,якія харчуюцца ў сталовай не змяншаўся – зазначае Светлана Вараненка.
У той дзень, калі я наведала сталовую Ліцэя №1 у звычайным меню былі пазначаныя: салат “Зара” (буракі з зялёным гарошкам), макароны адварныя з гуляшом і мясам адварным, мандарыны, гарбата. Для вучняў- вегетарыянцаў жа макароны і гуляш былі замененыя блінцамі з тварагом і смятанай. – Наогул, замест мясных страў мы даем ім блінцы з тварагом або са згушчонкай, макароны з сырам, рыбу, амлет з сырам, салаты розныя, галубцы агароднінныя і гэтак далей – распавядае загадчыца вытворчасці сталовай.
Як жа адмысловае меню ацанілі тыя, для каго яно складалася?
– Некаторыя аднакласнікі, калі ўбачылі, чым нас «песцяць» кухары, адкрыта выказалі нам зайздрасць – узгадвае Наташа Рай, вучаніца 11 Ф-М-1 класа.
А як даўно ты не ясі мяса? – пытаюся дзяўчыну.
– Ужо каля 7 месяцаў.
Чаму? Як адрэагавалі твае бацькі?
– Адмовіцца ад мяса хацела ўжо даўно. Гэтаму асабліва паспрыялі фільмы-жахі. Бацькі паставіліся нармальна. Напэўна думаюць, што гэта у мяне пераходны ўзрост. Праўда,паставілі адзіную ўмову – каб я не адмаўлялася ад спажывання рыбы, бо пасля рэзкага пераходу на вегетарыянскую ежу ў мяне пачаліся праблемы са здароўем: моцна пачалі выпадаць валасы і лупіцца скура. Але пасля курсу вітамін усё стала на свае месцы.
А чаму твае аднакласнікі не ядуць мяса?
– Адзін хлопчык – хутчэй, з-за выхавання (бацькі навучылі яго, не есці мясныя стравы ў грамадскіх сталовых), а дзяўчынка прынцыпова адмаўляецца ад мяса ўжо каля 2 гадоў.
У пераходным узросце дзеці часта спрабуюць самасцвярдзіцца і вызначыцца нечым нетыповым. Таму прыемна, што дарослыя (кіраўніцтва, выкладчыкі) у Ліцэі № 1 не праігнаравалі запатрабаванні некалькіх падлеткаў з усяго ліцэя і пайшлі ім насустрач. А ці могуць пахваліцца такім разуменнем падлеткавых запатрабаванняў іншыя гарадзенскія школы?
акрамя ілюстрцыі здымкі аўтара