Эмігранцкі блюз
Нікому невядомы спявак Генадзь Лёска, які з гродзенскім гуртом Seven B у самым пачатку 90-ых вырашыў з’ездзіць на Басы, ды так у Польшчы і застаўся, сёлета стаў вядомы кожнаму паляку, ад малога да вялікага. Выйграўшы адно з самых папулярных музычных шоў, ён атрымаў не толькі грашовую ўзнагароду, але перадусім магчымасць запісаць альбом. Дыск і сапраўды быў выдадзены ў лістападзе буйной фірмай Sony Music Polska. Гэта мае як свае плюсы, гэтак і мінусы.
Паходжаннем, музычнымі густамі, нават знешнім выглядам і крыху манерай спеву, Генэк трошку нагадвае Чэслава Немэна. Але ж той быў геніяльным кампазітарам, чаго пра Лёску, пры ўсёй павазе, не скажаш. Немэн таксама застаецца ў памяці і плэерах не аднога пакалення – Лёску яшчэ чакае такі тэст. Але агульны для абодвух, лёгкі ўсходні ацэнт, які дадае смаку песням – так і прымушае параўнаць, хоць раз.
Дыск з песнямі па-польску і па-ангельску ўяўляе сабой прыклад цалкам класічнага блюз-рока, прафесійна зайграны і запісаны, з густоўнымі, да месца выкарыстанымі клавішнымі, прыемнымі бэкамі, сустракаюцца таксама ўплывы рэгі.
Генэк спявае пра “край за Бугам, дзе буслы маюць абсалютны рай”, пра “чужую краіну, што завецца Польшчай” але і пра “мой Кракаў”. Наогул, тэматыка лёсу спевака адлюстроўваецца патроху ва ўсіх песнях, хопіць толькі пералічыць назвы: “Песня Эмігранта”, “Білет у адзін бок”, або працытаваць колькі тэкстаў: “мая маці – цяжкая праца, мой бацька – горкая гарэлка”. Альбом можна назваць цэласным адлюстраваннем жыцця шараговага блюзмэна, які то спіць на вуліцы, то падпісвае кантракт на 100 тысяч злотых. Паміж аўтарскіх (цікава, што большасць музыкі і тэкстаў напісаныя гітарыстам гурта Андрэем Макарэвічам) песен сустракаецца і цікавы кавер на “Песняроў”. Што праўда, “Касіў Ясь канюшыну” пазначана як выключна беларуская народная песня, але пры праслухоўванні відавочным робіцца, адкуль растуць ногі ў трэка.
Не вельмі зразумела, што на альбоме робіць расійскі раманс “Цёмная ноч”, які адыходзіць ад стылістыкі альбома, але ўсё яшчэ застаецца ў межах блюзавай стылістыкі, хай сабе і не блюз-рокавай. Падазраю, што гэтую фінальную песню дадалі па запыце прадзюсараў, якія хацелі яшчэ раз адзначыць матыў “усходняга паходжання” Генэка.
Вось тут – ва ўплыве прадзюсараў – і выяўляецца асноўны закід у бок дыска. У студыйных версіях Генэк гучыць неяк прыглушана, плытка, не глыбока, занадта правільна і “прычасана”, ніякавата. Усё падаецца зашмат вычышчаным, а голас вакаліста – сціснутым, не зусім разняволеным. Гэта адзначаюць амаль усе тыя, каго Лёска зачараваў сваім спевак і адданасцю музыцы падчас тэлевізійнага шоў. Зрэшты, тут можа і няма нічога дзіўнага – нямала ёсць выканаўцаў, жывую энегію якіх не ў стане перадаць запіс (з беларускага згадваецца хаця б “Срэбнае вяселле”). Але я амаль перакананы, што такі стэрыльны падыход звязаны з уплывам студыі.
Да таго ж мінусам для кагосці можа быць звычайнасць праграмы: тут няма адкрыццяў і нечаканасцяў, Генэк і каманда робяць тое, што ўмеюць лепш за ўсё – граюць блюз-рок, прадказальны і сакавіты. Калі адзначаць асобныя трэкі, то вартымі ўвагі падаліся адкрываючая альбом песня Paszport, а таксама Pieśń Emigranta і Can’t Judge Book (кавер на Вілі Дзіксана, заспяваны ў дуэце з кракаўскім рокмэнам Мацеям Маленьчукам) з другой паловы альбома.
Генэк Лёска гэта не толькі і не перадусім музыка. Гэта хутчэй чалавек-падзея, гэта гісторыя талента, якому ўсміхнуўся лёс. Гэта наш “slumdog millionaire”, хтосці, каму ўдалося дасягнуць мэты, хаця дарога была надзвычай доўгай і камяністай. Чалавек памежжа, госць там і наведнік тут. Было б вельмі міла, каб ён завітаў некалі ў Гродна з канцэртам. Было б вельмі міла, каб консульства Польшчы гэтаму паспрыяла. Бо хто іншы, як не яны?
Гурт: Gienek Loska Band
Альбом: Hazardzista
Год: 2011
Стыль: блюз-рок
Прыватная ацэнка: 7/10
Здымак з афіцыйнай старонкі гурта на Фэйсбуку.