“Кальян” ізноў прыпыніў дзейнасць. Але ці спыніў існаванне?
Як ўсё пачыналася? Ці разлічваў ты, што каманда праіснуе так доўга?
Толькі недалёкія людзі могуць штосьці там прадбачыць і планаваць. Але і ў іх здараюцца “цэглы з даху”.
Вось і мы з Вундзерам (Дзіма “Вундзер” – сузаснавальнік “Кальяна” – рэд.) у 1996 годзе не маглі нічога прадбачыць. Мы пазнаёміліся ў верасні на нейкім сэйшэне, тусавалі разам, а потым, мне трэба было сыходзіць з канцэрта раней, бо я заступаў на начное дзяжурства ў Старым парку (зараз – парк імя Жылібера). Я працаваў начным вартаўніком, ахоўваў дзіцячыя каруселі, абыходзіў некалькі разоў палову парка. У той вечар да мяне і прыехаў Вундзер з півам і акустычнай гітарай. Мы доўга спявалі, размаўлялі. Не памятаю ці дакладна ў той момант з’явілася ідэя граць разам, але нейкая зацікаўленнасць адзін да аднаго напэўна з’явілася. Вундзер сыйшоў з “Кальяна” напрыканцы 2000 года. Але, дзякуй Богу, мы дагэтуль засталіся блізкімі сябрамі.
Што датычыцца актыўнасці гурта – трэба адзначыць, што былі моцныя перапынкі. Самы доўгі з 2004 па 2009 год. Але па календары атрымоўваецца, што гурту ўжо сапраўды роўна 15 гадоў!
Якія песні гурта для цябе самыя значныя ці любімыя?
Я не люблю, перамываць косткі іншым і тым больш самому сабе. Як там было ў БГ (Барыс Грэбеншчыкоў): “Долгая память – хуже чем сифилис, особенно в узком кругу”. Усё што было – ў тым ліку і памылкі – павінна было здарыцца. Таму не шкадую не аб чым. У мяне няма любімых ці не любімых песен.
Ёсць толькі тыя, якія я зараз спяваю і якія не спяваю. Некаторыя песні становяцца не актуальнымі з пункту гледжання музыкі ці тэкста, некаторыя становяцца сімваламі гурта. І гэта датычыцца не толькі “Кальяна”, але кожнага гурта ці выканаўцы. У першую чаргу, гэта вырашаюць слухачы. Дзякуючы ім візітоўкамі нашага гурта сталі песні “Радыёактыўны снег”, “Кранштат”, “Дайце дзецям кулямёт!”, “Представь”, “Самолёт”, “Гародня” і шэраг іншых. Мне яны таксама падабаюцца.
А якія тэмы асноўныя ў тваёй творчасці?
Асноўная адна – гэта гвалт над асобай з боку іншых людзей, дзяржавы і г.д. Людзі – гэта вельмі складаныя і часам страшэнна неадэкватныя стварэнні. Мы ўвесь час спрабуем адзін аднаго падпарадкаваць, прынізіць, забіваем дзеля задавальнення адзін аднаго. Амаль усе рэлігійныя і філасофскія вучэнні грукаюцца да нас з адной вельмі простай прапановай: “Давайце жыць дружна! Не рабіце іншым людзям таго, чаго б не пажадалі сабе!” Але нам – глыбока пофіг! Усёй сваёй дзейнасцю мы набліжаем крах.
Гэты працэс зайшоў настолькі далёка, што запушчанныя механізмы ўжо не прыпыніць. У гэтага ёсць абъектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Мы ўжо не вернемся ў пячоры. Таму наперад я гляджу тактычна – як аптыміст, а стратэгічна – як песіміст.
Музычную сцэну Беларусі ліхаманіць ад так званых “чорных спісаў”. Адзін за адным зрываюцца канцэрты, музыкам даюць зразумець што іх творчасць амаль пад забаронай. Ці былі падобныя сітуацыі ў гісторыі Кальяна?
Гэта ідыёцкая сітуацыя і глядзець на яе трэба з гумарам. Здаецца, што большасць нашых рок-зорак менавіта з гэтым пачуццём яе і ўспрымаюць. Тым не менш, я не разумею логікі ў гэтых спісах. З аднаго боку пагаджуся, што, напрыклад, Міхалка трэба было прыкрываць! Колькі гэты “нячэсны выскачка” выліў бруду на ўлады! Але ўжо астатнія, можа за выключэннем Вайцюшкевіча і Вольскага, не спяшаліся выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю.
Напэўна, ведаеце сітуацыю з апошнім канцэртам апалітычнага, як яны самі апошнім часам акрэсліваюць сябе, гурта N.R.M. у Горадні? Квіткоў ніхто не купляў і канцэрт адмянілі. І адбылося гэта не таму, што ўмяшаліся злыя ўлады! Таму вельмі часта справа зусім не ў палітыцы, а ў тым, што людзі адчуваюць няшчырасць.
З другога боку, чаму не трапіў у спіс, напрыклад, спадар Памідораў са сваімі моцнымі сацыяльнымі тэкстамі? Цьфу-цьфу, канешне, бо потым скажуць, што накаркаў! Хаця патрапіць у спіс – гэта ў нейкім сэнсе прызнанне! Параноікі, як сарокі, рэагуюць па-першае, на бліскучае, вядомае, па-другое – на тое, што перашкаджае.
Трэба адзначыць, што лакальныя “чорныя спісы” на Беларусі існуюць вельмі даўно. Чамусьці нашыя ліберальныя і супердэмакратычныя палітыкі і журналюгі асабліва не парыліся гэтым і расквахталіся, калі сітуацыя закранула рок-зорак. Колькі разоў міліцыя ці адміны клубаў зрывалі сэйшэны ў канцы 90-х – пачатку 2000-х? Колькі канцэртаў было прыпынена? Менавіта з гэтай прычыны найбольш вострая панк-сцэна перабралася ў гаражы і піўніцы. Пачалося актыўнае стварэнне D.I.Y.-сцэны (do it yourself – зрабі сам; у дадзеным выпадку маецца на ўвазе некамерцыйная музыка – рэд.): свае невялікія канцэрты, свая сыстэма распаўсюду і г.д. Малавядомае, некамерцыйнае – але сваё! Бо клубы маглі адмовіць у выступе, на афіцыйныя сэйшэны ўжо не запрашалі, каб не мець непрыемнасцяў з уладай і гэтак далей.
Хачу, дарэчы, запярэчыць дурацкаму міту, што нібыта ўвесь андэграўнд – гэта п’яныя вычварэнцы з трымя блатнымі акордамі. Ніфіга! Даўно навучыліся граць! А вось свайго ўнутраннага стрыжня свабоды, непадпарадкавання і нонканфармізму, духоўнай маладосці, большасць андэграўндных музыкаў не страціла!
Як ты ставішся да камерцыйнай рок-сцэны, увогуле?
Ніяк. Я кажу так: рок-музыкай, панк-рокам займаешся таму, што па іншаму не можаш. Калі не можаш займацца – кідай! Мне 36 гадоў і, здаецца, я маю права сказаць: калі для цябе гэта толькі мода, то лепей адразу звалівай! Бо асабіста для мяне гэта жыццё, а не гульня. І мне пофіг, што хтосці кажа: ён яшчэ дагэтуль не пасталеў! У якім сэнсе? Я не набыў сабе круты бліскучый пепелац, каб мяне назвалі сапраўдным дарослым мужчынам? Ці возьмем глабальней! Можа сапраўды дарослымі мужчыны становяцца, калі “гуляюцца” ў вайнушку, намотваючы кішкі тысячаў людзей на свае штыкі?
Вяртаючыся да музыкі, скажу так: камерцыя забірае ўсё і дае толькі адно – надзею, што заўтра ты вырвешся на “блакітныя экраны” і на вялікія сцэны. Калі жыць і граць дзеля гэтай мэты, то лепей адразу застрэліцца. Кабэйн, здаецца, зразумеў у свой час, што трапіў у гэтую пастку. З дугога боку, андэграўнд для мяне – не самамэта. У нас няма нармалёвай клубнай культуры. Ці дрэнна было б, калі б у Горадні існавала 2-3 клуба, якія праводзілі б жывыя канцэрты ад джаза да метала? Калі б гурты маглі трошкі на гэтым зарабляць? Чаму не ствараюцца такія клубы – адказаў шмат. Але гэта ўжо іншае пытанне.
У такім выпадку, як ты ставішся да творчасці гурта “Ляпіс Трубяцкой”, які, у нейкім сэнсе, дасягнуў камерцыйнага поспеху?
Ляпісы – гэта выключэнне, якое пацвярджае правіла. Сяргей Міхалок на нейкім этапе пачаў не толькі разумець у чым ён барахтаецца, але і пачаў змагацца за сябе і імідж свайго гурта. “Ляпіс Трубяцкой” застаецца мэйнстрымам – і гэта добра – таму што адыйшоў ад вульгарнага шоў-бізнэса і прапагандуе вельмі простыя адэкватныя рэчы па шматлікіх пытаннях жыцця сучаснага беларускага грамадства. Ён мае вялікі аўтарытэт сярод моладзі, да яго прыслухоўваюцца. Увогуле, тое што зрабіў Міхалок сваімі выказваннямі, сваёй грамадзянскай пазіцыяй – гэта значна больш, чым зрабілі ўсе беларускія палітыкі разам узятыя!
Што да музыкі, то Ляпіс Трубецкой – адна з нешматлікіх беларускіх камандаў, якую я слухаю з вялікім задавальненнем. Гэта датычыцца апошніх альбомаў, хаця і сярод старых песен ёсць геніяльныя творы. “Гоп хіп-хоп”, напрыклад, ці “НЛО”.
Нядаўна ў сеціве з’явіўся відэазапіс тваёй песні “У той самы момант”. Аб чым яна і чаму ты выклаў яе ў сеціва менавіта зараз?
Гэта песня, здаецца 2009 года. Пра што яна – слухайце тэкст. Чаму выклаў? Таму што хацеў выказаць свой асабісты стасунак да абвешчанага смяротнага прысуду двум “віцебскім падрыўнікам”. Я не веру, што злачынства ў менскім метро здзейснілі гэтыя людзі.
“Кальян” мае творы на расейскай і на беларускай мовах. На якой мове табе больш падабаецца пісаць і спяваць? Ці лічыш ты сябе патрыётам?
Я не ведаю чаму адну песню напісаў на расейскай мове, а другую – на беларускай. Усё адбывалася па нейкіх мне не зразумелых прычынах. Я вырас у рускамоўным асяроддзі і таму мой шлях да беларускай мовы быў доўгім і складаным. Можа будзе цікава тое, што першыя кальянаўскія беларускамоўныя песні былі перакладзеныя з расейскай. Над перакладамі песен “Радыёактыўны снег” і “Дайце дзецям кулямёт!” мы працавалі разам з Андрэем Сакаловым “Сокалам”, бо палічылі, што яны павінны гучаць менавіта па-беларуску.
Не магу сказаць, што дасканала ведаю беларускую мову, бо калі чытаю, напрыклад, Уладзіміра Караткевіча, то ў параўнанні з ім адчуваю сябе маленькім мурашкай. Але па-трошку вучуся.
Чамусьці кожная пазіцыя выклікае ў людзей нейкія асацыяцыі і клішэ. Атрымоўваецца, што калі ты кажаш пра тое, што беларуская мова і культура паміраюць, што іх павольна забіваюць, і ты пра гэта выказваешься, табе гэтае баліць – то цябе пачынаюць называць нацыяналістам. Ну што тут зрабіць? Няхай тады буду нацыяналістам. Але я ведаю, што калі заўтра нешта ў краіне зменіцца, і натоўп гапаты ўжо не пад чырвона-зялёнымі, але пад бел-чырвона-белымі сцягамі пачне праводзіць “нацыянальныя маршы” пад лозунгамі “Слава вялікай нацыі!”, я ўстану па другі бок барыкадаў.
З патрыятызмам увогуле ўсё складана. Ёсць вядомы выраз Самюэля Джонсана: “Патрыятызм – апошняе прыстанішча нягодніка”. Вельмі моцны выраз, у тым сэнсе, што любы маральны ўрод будзе мець падтрымку мас, калі будзе публічна прысягаць у вялікай любові да свайго народу і сваёй Радзімы. Але чалавеку, які штосці крытыкуе, кажуць: “Валі з нашай краіны, калі табе не падабаецца!”.
А чаму ён павінен з’язжаць? Ён такі самы чалавек як і ўсе астатнія, з такімі самымі правамі. Дык вось, сапраўдны таталітарызм пачнецца, калі ўсе пачнуць спяваць патрыятычныя гімны. А вось калі пачнуць забіваць тых, хто іх не спявае – пачнецца фашызм.
Ну і неабходнае пытанне – якія далейшыя творчыя планы Алеся Дзянісава і гурта Кальян?
Мне цяжка адказаць пра планы гурта “Кальян”, бо гурт ізноў прыпыніў сваю дзейнасць. Але хачу верыць, што не спыніў існавання.
Людзі разыходзяцца, калі іх не трымаюць нейкія духоўныя ці наадварот матэрыяльныя сувязі. Дзесяць разоў будуць разважаць перад тым як разваліцца камерцыйныя гурты, бо сэнс іх існавання – грошы. У нас прасцей. Адыйшоў Кот (бас-гітарыст, адзін са старажылаў “Кальяну” – рэд.), чалавек, які шмат зрабіў для гурта, які стаў у нейкім сэнсе ягоным сімвалам. Косця вырашыў засяродзіцца толькі на сваім праекце Beauty&The Beast. Адыход Косці “Ката” Хробака стаўся штуршком для пачатку развала гурта.
Хацеў бы скарыстацца аказіяй, каб сказаць шмат цёплых словаў у ягоны бок і ў бок астатніх кальянаўцаў. Сапраўды, мы часта не шануем людзей з якімі разам граем, жывем на адной вуліцы і г.д. У нас няма з аднаго боку, вось гэтага пачуцця падтрымкі адзін аднаго, а з другога – не шануем таго, што маем. Нам падаецца, што заўтра будзе лепш і мы забываемся пра тое, што супер было ўжо сёння! Не бачым сініцы ў руках, калі хочаце. Вось таму хачу сказаць шмат словаў у адрас усіх, хто граў у гурце на працягу ўсіх гэтых гадоў. Кожны штосці зрабіў, пакінуў частку сябе. Усім дзякуй!
Асабіста я буду працягваць удзел у акустычным праекце “Людзі на балоце”. Вельмі хачу запісаць у наступным годзе невялікі канцэптуальны альбом, прысвечаны адной са старонак гісторыі Беларусі. Акрамя мяне над гэтым працуе апошні “кальянаўскі” акардэаніст Мікола. Мяне запрасілі таксама ў іншы цікавы музычны праект, але пакуль не буду здраджваць у які.
Здымкі з афіцыйнай старонкі kalian.grodno.by