Як сустрэць Новы год без шкоды для сябе і навакольнага асяроддзя?
Святочная ялінка
Навагодняя ялінка – сімвал Раства і Новага года ў шматлікіх краінах свету. Елкі усталёўваюць на галоўных плошчах гарадоў і мястэчак. А маленькія ялінкі ўпрыгожваюць кватэры. Вялізны попыт на святочнае дрэўца садзейнічае незаконнай вырубцы вялікай колькасці елак і піхт.
Каб абараніць лясы, у лясгасах наўмысна вырошчваюць дрэўцы для навагодніх святаў, якія пасля продаюць у кадках. Гэтым дрэўцам пашанцавала больш, яны не трапяць на сметнік, бо потым іх можна высадзіць у лесе ці перадаць у лясгас.
Карыстаюцца попытам таксама штучныя яліны.
Яўген Лабанаў, супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў, падзяліўся сваім меркаваннем наконт самага экалагічнага варыянта святочнага дрэва:
– Асабіста я прыхільнік арганізацыі спецыяльных пітомнікаў па вырошчванні елак і піхт для навагодніх святаў. Дрэўца ў кадцы мае малы шанец, каб прыжыцца на беларускім лецішчы, бо пры высаджванні можна пашкодзіць корневую сістэму, і дрэва загіне. Елкі са штучных матэрыялаў небяспечныя і асабліва шкодныя для дзяцей.
Сёння становіцца модным рабіць елкі і святочныя ўпрыгожванні сваімі рукамі з натуральных і экалагічна чыстых матэрыялаў: паперы, тканіны, нітак і г.д. Такая творчасць можа быць карыснай і для дзяцей. А можна ўпрыгожыць ялінку ў лесе, аздобіўшы яе пачастункамі для птушак.
alt=”Image 18442″ >
Як зрабіць смачную гірлянду
Мішуру ў асноўным вырабляюць са штучных матэрыялаў (полівінілхларыд, лаўсан, алюмініевая фольга), якія выдзяляюць шкодныя для арганізма рэчывы. Асабліва шкодна гэта для дзяцей і людзей, схільных да алергічных рэакцый. Як засцерагчыся ад уздзеяння шкодных рэчываў? Адказ можна знайсці на кухні: упрыгожванні з цеста, цацкі з яйкавага шалупіння, сняжынкі з цукровай масы, рознакаляровыя локшыны.
Асаблівую атмасферу стварае святло. Святлодыёдныя, неонавыя і оптавалакністыя гірлянды спажываюць электраэнергіі значна менш за гірлянды з лямпамі накальвання. Незвычайнасць святу нададуць звычайныя свечкі, але не забудзьцеся іх пагасіць.
Пра што трэба памятаць, купляючы прадукты для святочнага стала
Свае парады прапанавала Ірына Ластаўка, спецыяліст па экалагічных праектах міжнароднага грамадскага аб’яднання “Экапраект”:
– Трэба абіраць прадукты, якія выраслі ў рэгіёне вашага пражывання – гэта тычыцца як мясамалочных прадуктаў, так і гародніны і садавіны. Звяртайце ўвагу на тэрмін ужывання. Чым меншы тэрмін, тым больш можна казаць пра натуральнасць прадукта. Абірайце прадукты, запакаваныя ў хутка парахнеючыя матэрыялы (папера, кардон).
Падарункі, якія не зробяцца смеццем
Смачны падарунак: імянныя печыўкі, цукеркі з пажаданнямі, кава ці гарбата.
Падарунак-прысвячэнне: песня, верш ці нават тэатральнае сцэнка.
Зроблены сваімі рукамі: цацка з натуральных матэрыялаў, паштоўкі.
Можна замовіць у майстроў хэндмэйдэраў.
Жывы падарунак: кветка ў вазоне, міні газон, хатні пітомец, дрэва ў лесе ці двары.
Заўсёды можна што-небудзь прадумаць, галоўнае ўключыць уяўленне.
Вясёлыя забавы без феерверкаў
Ніводнае свята сёння не ўяўляецца без піратэхнікі. Апроч выбуховай небяспекі, вясёлыя салюты шкодзяць экалогіі. Цяжкія метала, канцэрагенныя злучэнні, радыяктыўныя рэчывы – пагроза для ўсяго жывога. Шум ад выбухаў феерверкаў перавышае 130 ДБ. Так, чалавек можа перанесці такую хвалю шума. А што рабіць птушкам, якія гінуць ад аглушальнага выбуху? Можа, трэба загадзя папярэдзіць іх, каб адляталі ці хаваліся, як гэта робяць сабакі, каты, ды ўсё жывое ў момант небяспекі?
Альтэрнатывай небяспечных забаў могуць быць застольныя гульні ці актыўныя гульні на паветры.
Вясёлых святаў!