У Гродне ад петард пацярпелі 2 чалавекі

|

У 20.37 у прыёмны пакой бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі даставілі васьмігадовага хлопчыка.

Максім распавёў, што знайшоў петарду ў двары дома па вуліцы Урублеўскага, падпаліў яе.

У выніку хлопчык атрымаў рваную рану левай рукі і тэрмічныя апёкі 1-2 ступені.

Іншых здарэнняў звязаных з піратэхнічнымі вырабамі ў Гродне сёлета не рэгістравалася.

 

У мінулым годзе ад піратэхнікі ў горадзе ўвогуле ніхто не пацярпеў, а ў папярэднія гады, распавяла “Твайму стылю” прэс-сакратар Гродзенскага абласнога упраўлення МНС Наталля Жывалеўская, з-за ракет і петард здараліся пажары.

У навагоднюю ноч 2003 года з-за ракеты, якая заляцела на балкон, загарэлася кватэра па вуліцы Пестрака.

Гаспадары кватэры сустракалі новы год у гасцях. Пакуль іх не было, згарэлі штора і канапа.

На шчасце, пасля гэтага агонь згас.

 

1 студзеня 2006 года піратэхнічныя вырабы сталі прычынай узгаранняў у будынку “Дынама Програм” (у вакно, прабіўшы шкло, трапіла ракета) і аўтамабіля, прыпаркаванага на пр-це Кляцкова.

У першы дзень 2008 года па аналагічнай прычыне здарылася 4 пажары.

1 студзеня 2010 года з-за петарды ў двары дома па пр-це Янкі Купалы пацярпеў вучань 8 класа: ён атрымаў апёк рагавіцы вока 2-3 ступені.

 

Выратавальнікі і супрацоўнікі праваахоўных органаў не стамляюцца папярэджваць пра забарону выкарыстання піратэхнічных вырабаў у грамадскіх месцах.

Гэта расцэньваецца як дробнае хуліганства.

Набываць піратэхніку можна толькі ў гандляроў, якія маюць адпаведны дазвол ( у Гродне гэта толькі адна фірма), перад выкарыстаннем уважліва вывучаць інструкцыю і сачыць, каб побач не было людзей.

 

Здымак з сайта http://www.zhodinonews.by