Кіраўніку гарадзенскага “Руху За Свабоду” вярнулі аўтамабіль
Распавядае Сяргей Трафімчык: “Вярнулі аўтамабіль і нэтбук, але не вярнулі больш нічога. У іх застаўся нататнік з маімі асабістымі запісамі і вялікая колькасьць рэкламнай прадукцыі Радыё Рацыі і Белсату. Я буду далей змагацца за тое, каб мне вярнулі мае рэчы”.
7 кастрычніка Сяргей Трафімчык быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ (нібыта па падазрэнні ў крадзяжы грошай у адной з вёсак) у Мастах, куды ехаў да свайго сябра. Супрацоўнікі міліцыі паводле санкцыі раённага пракурора (на якой, аднак, не было ні пячаткі, ні подпісу) правялі агляд машыны, з якой забралі на экспертызу нэтбук, стос газет “Новы час” і рэкламныя матэрыялы Радыё Рацыя і Белсату.
Машыну ў Трафімчыка таксама забралі, прычым на нявызначаны час і без усялякага тлумачэння прычынаў. А на наступны дзень – 8 кастрычніка (якраз у час Народнага сходу) – актывіста апыталі ў Мастоўскім РАУСе.
Сваё затрыманне і канфіскацыю аўтамабіля Трафімчык да сённяшняга часу лічыць безпадстаўнымі, таму будзе спрабаваць іх абскардзіць у генеральнай пракуратуры.