“Дай Дорогу” ў Гародні

“Разаграваць” публіку на пачатку канцэрта выйшлі хлопцы з вядомага гарадзенцам гурта “Твой Горад”.

 

 

Цёпла сустрэтыя залай, яны адыгралі шэраг сваіх гітоў: “Му-Му”, “Сэкс”, ды інш.

 

Калі на сцэне з’явіліся берасцейцы, натоўп вітаў іх скандаваннем назвы гурта: “Дай дарогу! Дай дарогу!”.  Хваля шаленства пасля першых сыграных акордаў  падхапіла нават тых, хто да гэтага часу ціха сядзеў за столікам, ці стаяў у старонцы. Хутка прабіцца да сцэны было ўжо немагчыма. Прыхільнікі гурта зладжана спявалі, дапамагаючы салісту, калі ў таго нешта здаралася з мікрафонам.

 

Выклаліся берасцейцы цалкам. Яны адыгралі шмат старых і не вельмі песен. Прагучалі  між іншым гіты “Армия”, “По синему”, “Прыгай в коляску”. Музыкі прэзентавалі публіцы нават песню з яшчэ невыданага альбому, а скончылі выступ песняй  “С новым годом”.  Дзеля яе выканання саліст “Дай Дорогу” Юра Стыльскі надзеў навагодні капялюш, а пасля павіншаваў усіх з Новым годам і папрасіў, каб усе прысутныя павіншавалі са святам сваіх матуль.

 

 

Пасля канцэрта  карэспандэнту “Твайго Стылю” ўдалося задаць некалькі пытанняў франтмэну “Дай дорогу” Юрыю Стыльскаму.

 

-Вы граеце ўжо колькі год, але да гэтага часу ў сеціве не спыняюцца споры пра стыль  гурта “Дай Дорогу”. Нехта кажа, што вы граеце панк, нехта – альтэрнатыву, а як бы ты апісаў творчасць гурта?

– Напэўна наш стыль – гэта нешта блізкае да нэапанку. Мы граем мяшанку стыляў, якую нельга назваць альтэрнатывай, ці нейкім артадаксальным панкам. Калі шчыра, то мы з самага пачатку рабілі так, каб не быць да кагосці падобнымі! Таму я сам не разумею, у якім стылі мы граем. Карацей – як назавеш, хай так і будзе!

 

– У сваім апошнім альбоме вы запісалі песню разам з гуртом “Ляпис Трубецкой”, а з кім яшчэ ёсць жаданне папрацаваць?

-Кабэйна б ажывіць… З Куртам я б запісаўся, нават ангельскую мову дзеля гэтага б падвучыў! А так нават ня ведаю.

З рускамоўных гуртоў ніхто моцна не падабаецца. Толькі Міхалок прывабіў сваёй двіжухай! Ды й мы яму спадабаліся. Даволі шмат ездзілі разам, потым паслалі яму песню, спадабалася. Ён хацеў  яшчэ трубы дапісаць, але мы адмовіліся. Дарэчы, ён звычайны  сціплы хлопец і нам было вельмі прыемна працаваць разам!

 

А чаму “Дай Дорогу” не выканала ў Alpha Centauri адну з самых знакамітых сваіх песен “Сане”?

-Гэтую песню мы запісалі даволі даўно. Зараз яна небяспечная! Прыедуць людзі, зачыняць гэты клуб. Нас ужо папярэджвалі ў Мінску, каб былі асцярожнымі з палітыкай.

 

ёння мы пачулі адну з новых песняў.  Калі выйдзе чарговы альбом?

-Было жаданне запісаць яго яшчэ да Новага года, але атрымалася так,  што пэўны час наш калектыў был крыху расхістаны. Думаю ў хуткім часе альбом абавязкова народзіцца. Матэрыял ёсць, і ён кісне, мне гэта не падабаецца.

Калі запішам – адразу выкладзем песні ў сеціва, трымайце!  Можа потым зробім і кампакт, для тых, каму гэта патрэбна. Мяне, напрыклад, у свой час мала цікавілі перапісаныя запісы Цоя, або Нірваны. Я жадаў дакрануцца да кружэлкі!

 

-Даволі даўно вы спелі песню на польскай мове “Хлопакі з Тэрэсполя”, няма жадання зрабіць нешта па-беларуску?

-Было б ня дрэнна! Але дзеля гэтага трэба вучыць беларускую мову. Гэта патрабуе нейкіх высілкаў не звязаных з творчасцю, а я не жадаў бы нараджаць песню праз сілу. Калі ўзнікне натуральная патрэба гэта зрабіць – будзем рады!

 

Здымкі  з афіцыйнай старонкі клуба “Alpha Centauri” Укантакце http://vkontakte.ru/alpha__centauri


Відэа аўтара