Пра “правільных вернікаў” і духоўную цёмнасць
Не спыніліся яны і да гэтага часу, перамясціўшыся са старонак афіцыйных СМІ на старонкі шматлікіх форумаў і блогаў.
Каб дакрануцца да святыні, некаторым вернікам прыйшлося выстаяць ад некалькі гадзін да дзвюх сутак у чарзе. Мяне, аднак, найбольш уразілі вынікі анкетавання людзей, якія прыйшлі пакланіцца святыні. Апытанне праводзілі валанцёры аднаго з праваслаўных сайтаў, якія склалі партрэт сучаснага паломніка.
Высветлілася, што большасць з тых, хто прыйшоў, нават не ведалі, чаму яны там апынуліся. Амаль 16% апытаных адказалі, што прышлі да святыні, каб набрацца “добрай” энергіі, пры тым, што 72,1 % адказалі, што лічаць сябе праваслаўнымі. Некаторыя (13,9 % апытаных) сцвяржалі, што прыйшлі памаліцца поясу. Не Богу, заўважце, а поясу…
>
Цікавы яшчэ і той факт, што частка поясу знаходзілася і заўседы знаходзіцца ў суседнім храме, дзе ніколі няма ніякіх чэрг і таўкатні. У анкеце спыталі таксама, чаму людзі стаяць у доўгай чарзе тут, а не ідуць у суседні. Не ведалі аб гэтым 34 % апытаных, астатнія адказалі, што частка поясу, якая прыехала з Афону, больш дакладная і больш вымаленая, жыватворная.
З падобнай сітуацыяй можна сутыкнуцца ў любым храме на Хрышчэнне. Калі нібы “правільныя” вернікі амаль што б’юцца за агіясмы (ваду). Суровыя мужчыны, суправаджаючы бітву лаянкай, з дваццацілітровымі каністрамі і бідонамі просяць даць ім вады з той пасудзіны, якую асвячаў бацюшка. Аказваецца, там вада «больш святая»!
Я не раз сутыкаўся з тым, як вернікі зрывалі кветкі з могілак святых, каб потым засушыць. Успомніўся мне і камень Жыровіцкага манастыра, ледзь не знішчаны ў 16-м стагоддзі, і ліпа, абнесеная агароджай па той жа самай прычыне, каб яе не разабралі на сувеніры.
І незлічоныя напульснікі з абразкамі, і кольцы, і ўсякія масла, і задаволеныя паломнікі, якія «затарацца» усім гэтым “пад завязку” і з’язджаюць дадому шчаслівыя і задаволеныя, з пачуццём выкананага «рэлігійнага» абавязку, як быццам яны сталі на прыступку вышэй у сваім духоўным развіцці.
Усё гэта не значыць, што мы не праваслаўныя, і не ставіць пад сумнеў нашу веру. Гэта сведчыць аб нашай духоўнай цёмнасці.
Каб зразумець сутнасць дадзенага пытання, можна звярнуцца да гісторыі і ўспомніць перыяд барацьбы з іконамі (“іконаборства”) , адной з прычын якога з’явіўся пратэст на нездаровыя з’явы ў хрысціянскай супольнасці.
Пытанне аб іконашанаванні вельмі сугучнае з пытаннем аб адносінах сучасных хрысціян да розных «святыняк», а мяжа паміж здаровым стаўленнем да апошніх і ідалапаклонствам даволі тонкая.
У перыяд ад з’яўлення хрысціянства да VII Сусветнага Сабору (на ім, уласна, было вызначана праваслаўнае стаўленне да святых вобразаў і ступень шанавання іх) часта бывалі выпадкі, калі абразы многімі хрысціянамі ўспрымаліся як нейкае бажаство. Адны лічылі, што для выратавання душы дастаткова толькі ўпрыгожыць імі храм. Іншыя нашывалі іх на сукенкі і бачылі ў гэтым знак асаблівай набожнасці, саскрабалі фарбу з вобразаў і выкарыстоўвалі яе як лекі.
Бывалі выпадкі, калі самі святары выкарыстоўвалі іконы замест прастолаў і служылі на іх Літургію. У выніку гэта ўсё вылілася ў такі масавы скрайні пратэст некаторай часткі Царквы як іканаборства. У гэтай сувязі было выпрацавана вызначэнне, якое выказвае менавіта праваслаўныя стаўленне да гэтага пытання: “Мы не ўшаноўваем абразы як багоў і не ўскладаем на іх надзеі. Калі перад намі абраз Хрыста, мы кажам: “Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, дапамажы нам і выратуй нас!”. А калі ікона Найсвяцейшай Багародзіцы, то заклікаем: “Найсвяцейшая Багародзіца, будзь заступніцай перад Сынам Тваім”. Без абразоў у храме не абысціся. Што кніга для пісьменных, то абраз для ты, хто не умее чытаць, што слова для слыху, то абраз для вачэй. Яны – добры дапаможнік для пропаведзі Божага слова”.
Прыкладна такім жа павінна быць і стаўленне праваслаўных хрысціян да «прадметаў з абразамі з крамы». Зусім не яны даюць нам ласку, не яны ратуюць нас і ўводзяць у Царства Нябеснае, а з’яўляюцца толькі невялічкімі «інструментамі”, дапаможнымі сродкамі на шляху да нашай галоўнай і асноўнай мэты: выратавацца, увайсці ў Царства Гасподняе і дасягнуць богападабенства, наколькі гэта магчыма.
«Ядый мою Плоть и пияй Мою Кровь – во Мне пребывает, и Аз в нем» (Ин. 6, 56). Дык вось! Вось што, аказваецца, самае галоўнае! Быць са Хрыстом і ў Хрысце!
І калі усё становіцца на свае месцы, расстаўляюцца прыярытэты і мы пачынаем ўсведамляць, што нам, хрысціянам, трэба ў першую чаргу – тады мы можам адвесці адпаведнае месца ўсім гэтым праваслаўным святынькам, зусім не выключаючы іх з нашага жыцця.
У святле таго, што жыццё з Хрыстом – самае галоўнае, прыходзіць разуменне, што гэтыя самыя святынькі – гэта напамін аб першарадным, напамін пра Бога.
Фота: www.pravmir.ru, Ганка Марза