Малая краіна вялікіх магчымасцяў
Я прыехала ў Любляну, сталіцу Славеніі, не турысткай, а студэнткай, на адзін семестр. На працягу некалькіх месяцаў мела магчымасць пазнаць Славенію і яе жыхароў. Любляну некаторыя завуць мастом між Венай і Венецыяй – мабыць з-за гарадcкой забудовы.
Пераважаюць невысокія, прыгожа адноўленыя будынкі, брукаваныя вулічкі, паркі ды зялёныя скверыкі. Ідылічны цэнтр горада з цэнтральнай плошчай Прэшэрна і ракой Любляніцай – гэта месца, дзе проста прыемна шпацыраваць ды прысесці за кавай і гутаркамі.
Рака Любляніца. Від з боку плошчы Прэшэрна
Пасядзелкі ў кавярнях з’яўляюцца неад’емным рытуалам, кавярні тут заўжды перапоўненыя. У восеньска-зімовы час вялікай папулярнасцю карыстаюцца таксама вулічныя лаўкі, якія прапануюць мінакам каштаны ды гарачае віно…
Так, у славенцаў нейкі такі мірны, няспешны, радасны стыль жыцця супадае з гэтак званым германскім парадкам і пільнасцю.
Адна са шматлікіх кавярняў у партовым горадзе Копар
Людзі тут ветлівыя, адзін другому усміхаюцца і ахвотна дапамагаюць. Яны, маўляў, па-паўднёваму адкрытыя, хаця мой досвед жыцця ў інтэрнаце паказвае, што доўга не пускаюць “чужынца” ў сваё славенскае асяроддзе.
Яны, напэўна, пацікавяцца, адкуль вы, што вас прывяло ў іхнюю малую дзяржаву і запытаюць, ці яна вам падабаецца. А затым пасыплюцца нараканні – на крызіс, мафію ці палітычныя хваляванні ў краіне.
Дарэчы, немалая група незадаволеных грамадзян з руху “Барацьба за” з паловы кастрычніка жыве ў намётавым гарадку перад біржай, а частка студэнтаў найбуйнейшага факультэта Люблянскага ўнівэрсітэту з канца лістапада не вызваляе заляў на першым паверсе, пратэстуючы супраць сітуацыі, якая склалася ва ўнівэрсітэтах пасля балонскай рэформы.
І не кажыце, што яны малы і пасіўны народ…
Сталіца з вышыні. У цэнтры – замкавая гара
Славенцам пашанцавала на горы, даліны, рэкі і мора. Апошняе тут не самая вялікая атракцыя, у пошуках сонца і празрыстай вады лепш падацца ў недалёкую Харватыю – вузкае славенскае ўзбярэжжа выконвае перадусім гаспадарчыя ролі.
А горы тут высокія і маляўнічыя, гадзінамі швэндаўся б. І ўсё гэта за гадзіну ад Любляны (так, у самы аддалены горад, Мурску Саботу, прыйдзецца ехаць усяго 2 гадзіны)!
Від з самага высокага будынку Любляны. На Альпы!
Не дзіва, што славенцы масава займаюцца спортам, ён прысутны ў іхнім штодзённым жыцьці: зімовыя спорты (лічаць іх нацыянальнымі, у адрозьненне ад астатніх паўднёвых славян, якія перавагу аддаюць футболю), бяганьне, плаваньне, ровар.
Дарэчы, няхай схаваецца Амстэрдам!
У Любляне, здаецца, ровароў больш чым машын, для іх паўсюль сьцяжынкі і, галоўнае, раварыстаў тут паважаюць!
Што павінен убачыць кожны падарожнік ?
На славенскае турыстычнае “must have” складаюцца: сталіца Любляна з абавязковым візітам на замку ды паходам на гару Рожнік, горад Марыбор, надморскія курорты- у прыватнасьці Піран ды славуты Партарож, абаяльная даліна ракі Соча, не надта цяжкі горскі маршрут, а для амбітных і дасведчаных – гара Трыглаў.
>
Схаваная між гарамі даліна Сочы
Нельга забыць і пра казачнае возера Блед, пасярэдзіне якога знаходзіцца маленькі востраў з кляштарам.
Выспа на Бледскім возеры
Фота http://kari-ochi.com.ua
Не ўсё аднак “на выдатна” – квіточкі на праезд у аўтобусе ці цягніку тут не самыя танныя, плаціць жа трэба ў еўра. У дапамогу турысту прыходзіць аўтаспын, самі славенцы рэдка ім карыстаюцца, але і нядоўга давядзецца чакаць ля дарогі, праверана!
Ды й ня трэба думаць аб моўных цяжкасцях, большасць славенцаў размаўляе па-ангельску ці нямецку. Згаданыя раней харвацкія жарты пра Славенію высмейваюць яе маленькасць (“Дзе будуецца новая траса Формулы 1? Вакол Славеніі”), стаўленне (прыніжанае) да Аўстрыіі ці Італіі, якія вякамі займалі славенскія тэрыторыі ці яе адносіны да былых суграмадзян у межах Югаславіі.
Але ж насамрэч гэтая маленькасць ёсць вялікім плюсам, куды не захочаш – блізка, а на так сціплай тэрыторыі столькі прыгажосці.
Падданства аўстрыйцам даўно ўжо стала гісторыяй, а і трэба адзначыць, што дзякуючы ня вельмі бунтаўскай натуры славенцы праіснавалі як нацыя.
У высмевайнні славенскай пагоні за Еўропай (і адыходу ад балканскай мінуўшчыны) праяўляецца хіба толькі зайздрасць – маленькая, непрыкметная краіна паціху дасягае заходнееўрапейскага ўзроўню, у той час, калі астатнія былыя югаслаўскія рэспублікі ўсё толькі на гэта спадзяюцца.
Калі шлях павядзе вас у Вугоршчыну, Аўстрыю ці Харватыю, абавязкова на некалькі дзён зганяйце ў Славенію – яна таго вартая!
Яна вас здзівіць, захопіць і зачаруе. І не забудзьце пасмакаваць нацыянальнага пірожнага, завецца яно гібаніца!
Здымкі: К.Дышэровіч, Р.Гэш
Падарожнічайце разам з намі з дапамогай мапы падарожжаў у “Тваім стылі”!
Глядзі Мапу падарожжаў “Твайго стылю” у большым памеры