Максім Губарэвіч: з “Пагоняй” на руцэ

|

Пра тое як адбывалася фотасесія і сваю тату распавядае сам Максім:

“На праект запрасіў Сяргей Гудзілін ў канцы лютага 2011. Ён праз знаёмых ў Менску на мяне выйшаў. Напісаў ў фэйсбук, дамовіліся папярэдне,  што ён прыедзе ў Гародню. Першы раз дамаўляліся сустрэцца на прэзентацыі прэс-фота,  але не атрымалася. Наступны раз ён прыехаў у канцы кастрычніка. Здымалі ў мяне на лесвічнай пляцоўцы. Самі здымкі занялі хвілін 5-7. Больш часу думалі,  як зняць, бо тату невялікая і знаходзіцца на ўнутраным баку рукі. Такія рэчы здымаць складана” .

 

alt=”Image 18554″ >

 

Татуіроўку Максім зрабіў  1 снежня 2010 года.

“Чаму зрабіў? Тут шмат прычын. І сваеасаблівы юбілей 10 год у БНФ хацеў неяк адзначыць. І знак таго, што і далей, чым бы ні скончыліся выбары прэзідэнта, буду адстойваць свае погляды. І наглядная агітацыя (праўда, працуе толькі ў цёплыя месяцы).

Дарэчы, калі рабіў гэтую тату, то глядзеў перадвыбарчы выступ Кастусёва па БТ,” – распавядае Максім.

 

Ён ведае 5-7 чалавек у Гродне, якія маюць падобныя тату.

 

“Адмоўнай рэакцыі навакольных я  не сустракаў. Прынамсі ў адкрытую не казалі.

Калі еду летам у тралейбусе, то адмыслова за  поручань трымаюся так, каб больш людзей бачыла. Бывае,  што ўглядаюцца нейкім нядобрым позіркам, але не больш таго. А станоўчых рэакцый хапае, часамі нават незнаёмыя людзі падыходзяць і кажуць,  як класна,” – працягвае Максім.

 

Майстар гарадзенскага афіцыйнага салона Tattoo Grodno Сяргей пра татуіроўкі з сімволікай распавядае наступнае: “Напрацягу мінулага года да нас у салон прыходзілі больш за 10 чалавек, якія хацелі зрабіць падобныя тату, аднак зрабілі толькі трое”.