Рэлакс сярод араматнага дыму
На месцы канчаткова сканалага Містэра-Твістэра адчынілася буржуйская “Кальянная №4” з мінскімі каранямі. І адпаведным сталічным падыходам. Унікальнае месца, гаспадары якога чулі штосці пра Фэйсбук і пра Укантакце, а нават гатовыя наўпрост адказаць на пытанні, прапановы і крытыку.
Захаваўшы для гісторыі пэўныя дэталі старога Твістэра (ну не выкідаць жа цэлы матацыкл ці “чыгуначны” унітаз), новая каманда ператварыла месца да непазнавальнасці. Асабліва змяніўся зал злева ад уваходу. Цяпер там чылаўт-зона, дзе на велізарных подушках (крэслам гэта назваць язык не паварочваецца) можна адпачыць пад гук самага сапраўднага вадапада ды Бітлоў з Бобам Марлі. Вось толькі вокны, як і ў старым Твістэры – не вельмі шчыльныя. Са шчылін дзьме даволі халодны вецер.
Меню пакуль што – копія з мінскай “Кальяннай №1”, але ў хуткім часе абяцалі стварыць уласнае арыгінальнае. І выконваюць паціху абяцанне: ужо з’явіліся комплексныя абеды за 35 тысяч. У планах – пашырэнне вегетарыянскага складніка ў меню. З таго што ёсць вартыя ўвагі супчыкі, як для мяне – асабліва шпінатны. Пад’есці можна даволі смачныя грэнкі пад назвай “Ежа”.
З вялікім выбарам гарбат, якім рэкламуецца “Кальянная” трошку няпраўда. Саміх чаёў у прынцыпе няшмат – добра калі з дзясятак гатункаў (сярод іх Ассам, Пу Эр і некалькі гатункаў зялёнай і белай гарбат) – але вось рознага кшталту напояў з гарбатнай асновай будзе паболей. Асабліва цікава выглядаюць так званыя “кампоты” з разнастайнымі прыправамі, гарэхамі, мёдам, фруктамі ці сіропамі. Варта пакаштаваць таксама які-небудзь “мілк”, але калі не хочаце вычварацца ці ператварацца ў хіпсцераў – можна ўзяць чыстую гарбату ці каву. Выбар каваў зусім стандартны, але іх тут робяць добра. Вельмі добры глінтвейн, ёсць таксама грог.
З півам бяда – усяго некалькі гатункаў, сярод іх дарагушчы Паўланер, але ж кіраўніцтва папярэдзіла – профіль месца цяпер не піўны і гэтага трэба будзе трымацца.
Агулам кошты вышэйшыя за сярэднія, але ж абслугоўванне і інтэр’ер, бясплатны і хуткі вайфай, які нават працуе, ды агульная сяброўская атмасфера таго вартыя. Цешыць таксама прафесійны падыход да асноўнага тавара. Выбар тытуню прыстойны, абслуга комплексная ды і самі кальяны – у разы лепшыя за тое, што “бюджэтныя” студэнты звыкліся паліць на вечарынах.
У планах – яшчэ два залы і, магчыма, тэраса ва ўнутраным дворыку (ну так, за доўгія гады, здаецца, ніхто акрамя пакойнага “Куфэрка” не здагадаўся да такога). Пашырэнне вельмі патрэбнае – зараз увечары амаль няма шанцаў знайсці вольныя месцы, варта прыходзіць не пазней за 18.00. Акрамя таго, як разумею, у планах выставы, канцэрты, вечарыны, прагляды і г.д. Ужо зараз вечарамі часта можна сустрэць каго-небудзь за дыджэйскім пультам.
“Кальянная №4” мае ўсе перспектывы стаць адным з цэнтральных месцаў на культурнай мапе горада. Выглядае на тое, што гаспадары не з тых, хто на прапановы адказвае: “А навошта? У мяне піва і так някепска купляюць”.